Пракуратура Мюнхэна пачала расьсьледаваньне справы супраць дэпутата Бундэстагу ад правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Пэтра Быстрана паводле падазрэньня ў хабарніцтве і адмываньні грошай.
Як паведаміла выданьне dw_belarus з спасылкай на Spiegel, раніцай у яго правялі ператрусы ў некалькіх памяшканьнях у Бэрліне, Баварыі і на Маёрцы.
Ператрусы праводзілі 11 пракурораў і каля 70 паліцыянтаў. У часе сьледчых дзеяньняў вынялі дакумэнты і носьбіты інфармацыі, якія, паводле пракуратуры, «цяпер аналізуюць на прадмет наяўнасьці доказаў, якія яго выкрываюць або апраўдваюць».
Расьсьледаваньне справы супраць Пэтра Быстрана зьвязанае з справай вакол прарасейскай прапагандысцкай плятформы Voice of Europe. У канцы сакавіка ўлады Чэхіі заявілі, што раскрылі «сетку ўплыву, якую фінансавалі з Расеі» і якая распаўсюджвала расейскую прапаганду ў Эўропе і падкупляла эўрапейскіх палітыкаў. Voice of Europe, паводле іх, — частка гэтай схемы. Раней аналягічную заяву зрабілі ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як колішні ўплывовы ўкраінскі палітык Віктар Медзьвядчук фінансаваў палітыкаў у ЭўразьвязеУ лістападзе 2022 году Пэтр Быстран таемна прыяжджаў у Беларусь — гэтую інфармацыю ён прыхаваў ад сваіх калегаў. Тады, паводле яго, ён сустракаўся з тагачасным міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, а таксама з дэпутатам Андрэем Савіных. Апроч гэтага, ён меў сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх праўладных арганізацый — «Беларускага фону міру» і «Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы выкрылі чарговую расейскую шпіёнскую сетку