Сьледчы камітэт адзначыў, што атрымаў зьвесткі пра больш як сотню асобаў, якія бралі ўдзел у вулічных акцыях на тэрыторыі Варшавы, Вільні, Уроцлава, Беластоку, Брусэлю, Батумі, Прагі, Філядэльфіі і іншых гарадоў.
Гэтых людзей прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе — ім інкрымінавалі арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім») і арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
У рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы СК заявіў, што ўжо атрымаў інфармацыю аб аб’ектах нерухомасьці і іншай маёмасьці падазраваных на тэрыторыі Беларусі. Цяпер праводзяцца сьледчыя дзеяньні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладаньне арышту на маёмасьць і «іншыя працэсуальныя захады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьце да амбасады і канцэрт «Вольнага хору». Як прайшоў Дзень Волі ў Вільні. Фотарэпартаж25 сакавіка — Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Ён адсылае да 1918 году, калі ўтварылася незалежная беларуская дзяржава. Затым яе разагналі бальшавікі, а беларуская зямля паводле ўмоваў Рыскай дамовы 1921 году апынулася часткова ў складзе СССР, а часткова ў складзе Польшчы.
Пасьля прыходу да ўлады ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе за адзначэньне Дня Незалежнасьці 25 сакавіка сталі перасьледаваць. Хаця ўлады і дазволілі сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР каля Опэрнага тэатру ў Менску, перасьлед у далейшым не спыніўся.
У выніку масавых рэпрэсіяў пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 2020 году сотні тысяч беларусаў вымушана пакінулі сваю радзіму і апынуліся ў эміграцыі ў многіх краінах. За мяжой яны арганізавалі свае суполкі і ладзяць акцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэі вызначаюць рэчаіснасьць. Чаму трэба цаніць БНР