Ціханоўская на канфэрэнцыі Impact: «Беларусы жывуць ва ўмовах, якія нагадваюць сталінскія часы»

Сьвятлана Ціханоўская на канфэрэнцыі Impact, Познань, 15 траўня 2024

На канфэрэнцыі абмяркоўваюцца актуальныя пытаньні эўрапейскага кантынэнту.

Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі Impact у Познані. Цягам двух дзён удзельнікі абмяркоўваюць актуальныя пытаньні для Эўропы. У прыватнасьці, поглядамі на праблемы рэгіёну і спосабы іх вырашэньня дзеляцца палітыкі Мішэль Абама, Радаслаў Сікорскі і Сана Марын, навукоўцы Тымаці Снайдэр ды Іван Крастэў, кіраўнікі банкаў, зорныя спартоўцы, адмыслоўцы ў сфэры мэдыя і IT-тэхналёгіяў.

Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, галоўныя тэзы пра сытуацыю ў Беларусі, якія яна агучыла на канфэрэнцыі ў Познані:

  • Тэрор і ціск. Беларусы жывуць ва ўмовах, якія нагадваюць сталінскія часы, з адвольнымі арыштамі і пастаяннай нявызначанасьцю. Рэжым імкнецца пасеяць страх і расчараваньне сярод насельніцтва праз гвалт і русыфікацыю.
  • Падпольны супраціў і інфармацыйная вайна. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, існуе актыўны падпольны супраціў — у тым ліку кібэрактывісты і народная выведка. Расейская прапаганда актыўна дэзынфармуе і стварае шум, каб заблытаць людзей.
  • Адсутнасьць падтрымкі ўлады з боку народу. Большасьць беларусаў ненавідзяць Лукашэнку і стаміліся ад яго кіраваньня. Яго падтрымка трымаецца на сілавіках, спэцслужбах і прарасейскай намэнклятуры.
  • Палітычныя перавагі. Апытаньні паказваюць: падтрымка Лукашэнкі знаходзіцца на ўзроўні каля 20%, у той час як большасьць насельніцтва выступае за незалежнасьць Беларусі і паляпшэньне стасункаў з ЭЗ.
  • Пераважная большасьць супраць удзелу ў вайне і разьмяшчэньня ядзернай зброі ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня нашаму пакаленьню вырашаць, якая мова павінна быць дзяржаўнай у новай Беларусі, — Ігар Случак

Таксама Ціханоўская акрэсьліла практычныя крокі, празь якія эўрапейская супольнасьць можа дапамагчы беларусам:

  • дапамога незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасьці;
  • сынхранізацыя ціску на рэжым;
  • візавая падтрымка і інтэграцыя;
  • падтрымка эўрапейскай будучыні для Беларусі;
  • супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі;
  • прыцягненьне рэжыму да адказнасьці праз унівэрсальную юрысдыкцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён прадае Беларусь Расеі». Ціханоўская на Капэнгагенскім саміце дэмакратыі заклікала працягнуць ціск на Лукашэнку