Славацкія СМІ паведамляюць, што ў прэм'ер-міністра краіны Робэрта Фіца стралялі на сустрэчы зь людзьмі ў горадзе Гандлава, прыкладна за 150 кілямэтраў на поўнач ад сталіцы краіны, Браціславы.
Яго адвезьлі верталётам у шпіталь у суседнім горадзе Банска Быстрыца, меркаванага нападніка затрымалі.
На старонцы Фіца ў фэйсбуку зьявілася паведамленьне, дзе гаворыцца, што раненьні пагражаюць жыцьцю прэм'ера. Увечары міністар абароны Робэрт Каліняк сказаў, што хірургі працягваюць апэраваць прэм'ера і што той «змагаецца за жыцьцё». Позна ўвечары віцэ-прэм'ер Томаш Тараба паведаміў журналістам, што апэрацыя прайшла пасьпяхова і чакаецца, што Фіца выжыве.
На ранейшым брыфінгу міністар унутраных справаў Матуш Шутай Эштак паведаміў, што ў краіне ўзмоцненая ахова палітыкаў і журналістаў, і заклікаў спыніць праявы нянавісьці ў сацыяльных сетках і мэдыях. Ён таксама заявіў, што замах на прэм'ер-міністра быў палітычна матываваны, нападнік выпусьціў у Фіца пяць куляў.
Урад і парлямэнт Славаччыны зьбяруцца на экстранае пасяджэньне, падчас якога вызначаць кандыдатуру часовага выканаўцы абавязкаў прэм'ер-міністра краіны, паведамляе dennikn.sk.
Славацкае агенцтва Aktuality.sk пагутарыла з сынам падазраванага ў нападзе, 71-гадовага Ю.Ц. Той сказаў журналістам, што бацька меў афіцыйна зарэгістраваную зброю, бо некалі працаваў у прыватнай ахоўнай службе. Міністэрства ўнутраных справаў пакуль афіцыйна не пацьвердзіла гэтай інфармацыі.
У сацыяльных сетках зьявілася відэа, дзе меркаваны нападнік адказвае на пытаньне пра свае матывы. Ён кажа, што не згодны з апошнімі крокамі ўраду, у прыватнасьці ў адносінах да СМІ. Відавочна, што відэа зьнята ўжо пасьля яго затрыманьня, аднак цалкам абставіны, пры якіх яно зьявілася, не ясныя.
Як перадаюць, нападнік страляў у Фіца каля Дому культуры, дзе адбывалася паседжаньне ўраду. Прэм'ер-міністар выйшаў павітацца зь людзьмі.
Зьявілася рэакцыя прэзыдэнткі краіны Зузаны Чапутавай: «Я шакаваная. Я зычу Робэрту Фіцу ў гэты крытычны час шмат сілаў, каб ён змог ачуняць ад гэтага нападу».
Замах на Фіцу асудзілі і іншыя славацкія палітыкі, у тым ліку абраны прэзыдэнт Пэтэр Пэлегрыні, а таксама шэраг эўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў, сярод якіх кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.
У сваю чаргу некаторыя саюзьнікі Фіцы па ягонай партыі і кіроўнай кааліцыі рэзка крытыкуюць апазыцыю і журналістаў, фактычна ўскладаючы на іх ускосную адказнасьць за замах. Лідэр Нацыянальнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, Андрэй Данка заявіў, што для яго партыі зараз «пачынаецца палітычная вайна», і параіў супернікам ураду «сядзець ціха».
Фіца быў прызначаны кіраўніком ураду ў кастрычніку, пасьля перамогі яго папулісцкай партыі «Курс – Славацкая сацыял-дэмакратыя» на парлямэнцкіх выбарах. Партыя прытрымліваецца эўраскептычнай і нацыяналістычнай арыентацыі і перад выбарамі выступала за абмежаваньне ваеннай дапамогі Ўкраіне і за рэзкае ўзмацненьне міграцыйнага кантролю.