Самае страшнае, што можа адчуць беларускі народ, — тое, што ён кінуты, а яго барацьба забытая, заявіла дэмакратычная лідарка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на Капэнгагенскім саміце дэмакратыі 14 траўня, паведамляе «Позірк».
«Трымайце Беларусь высока ў парадку дня, — заклікала яна ўдзельнікаў форуму. — Я зьвяртаюся да палітыкаў, калі вы тут, дапамажыце нам захаваць ціск на рэжым, палітычны і эканамічны — праз санкцыі, сынхранізацыю санкцыяў паміж Расеяй і беларускім рэжымам».
У той жа час Ціханоўская заклікала ўзмацніць беларускую грамадзянскую супольнасьць і дапамагчы беларускаму народу ўмацаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, якая «цяпер пад пагрозай», як і незалежнасьць краіны.
«Расея падпарадкоўвае сабе Беларусь па частках, — канстатавала Ціханоўская. — Мы называем гэта паўзучай акупацыяй. Калі ва Ўкраіне ваююць ракетамі, танкамі (і мы ўсе бачым гэтую катастрофу), дык у Беларусі яна праходзіць ціха, без асаблівай увагі».
Паводле Ціханоўскай, Беларусь, які і Ўкраіна «бачыць сваю будучыню ў эўрапейскай сям’і», і менавіта беларускі народ, а не дыктатары Пуцін і Лукашэнка, павінны вырашаць будучыню Беларусі. У той жа час беларусы асьцерагаюцца, што падчас перамоваў паміж Украінай і Расеяй, якія «рана ці позна адбудуцца», Беларусь «будзе аддадзеная Пуціну ў якасьці суцяшальнага прызу», заявіла Ціханоўская. Яна падкрэсьліла, што ўжо цяпер Лукашэнка «прадае нашу краіну Расеі па частках».
«Я прашу вас заставацца зь Беларусьсю. Не дазваляйце Пуціну думаць, што Беларусь можа зноў стаць часткай, сатэлітным прыдаткам Расеі», — падсумавала палітык.
Паводле Ціханоўскай, дэмакратычныя сілы Беларусі «адкрытыя для зносінаў», іх «лёгка знайсьці», таму калі нехта мае жаданьне дапамагчы беларусам, можа заўжды знайсьці спосаб гэта зрабіць.
«Мы ня просім сьвет выйграць гэтую барацьбу з дыктатурай замест нас, гэта наш абавязак як беларускага народу. Але дапамажыце нам выдужаць, выжыць, дапамажыце нам перамагчы. Вы маеце інструмэнты», — падкрэсьліла яна.
14-15 траўня ў Капэнгагене адбываецца саміт за дэмакратыю. Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у Даніі.
На палях саміту Ціханоўскай уручылі прэстыжную прэмію «Эўрапеец году», якая штогод прысуджаецца асобам, якія зрабілі выбітны ўнёсак у эўрапейскую інтэграцыю, разьвіцьцё эўрапейскага грамадзтва і прасоўваньне агульначалавечых каштоўнасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлану Ціханоўскую ў Капэнгагене прызналі «Эўрапейкай году»