«Падтрымае шлях Украіны ў NATO». Блінкен раскрыў дэталі пагадненьня па бясьпецы паміж ЗША і Ўкраінай

ЗША плянуюць заключыць з Украінай пагадненьне ў сфэры бясьпекі тэрмінам на 10 гадоў, якое будзе накіраванае на падтрымку ўкраінскай абароны і ўмацаваньне ваенна-прамысловага комплексу, што падтрымае шлях Украіны ў NATO, заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, выступаючы 14 траўня ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.

«Згодна з нашай дзесяцігадовай дамовай, ЗША будуць падтрымліваць абарону і бясьпеку Ўкраіны ў шэрагу вельмі важных сфэраў — ад авіяцыі да супрацьпаветранай абароны, ад дронаў да разьмінаваньня», — сказаў Блінкен, яго цытуе ўкраінскае выданьне liga.net.

Дзяржсакратар ЗША зазначыў, што калі Расея зноў нападзе на Ўкраіну ў будучыні, Вашынгтон «неадкладна» будзе супрацоўнічаць з Кіевам на самым высокім узроўні, «каб узгадніць найлепшы адказ на пагрозу».

Таксама Блінкен заявіў, што пагадненьне аб бясьпецы паміж Украінай і ЗША дапаможа паскорыць намаганьні па разьвіцьці ўкраінскага вайсков-прамысловага комплексу, што дазволіць ёй у доўгатэрміновай пэрспэктыве вырабляць уласныя боепрыпасы і артылерыю, зьнізіўшы залежнасьць у пастаўках узбраеньняў ад партнэраў.

«Усё гэта будзе гарантаваць, што ў момант, калі выкананыя ўсе ўмовы і з гэтым згаджаюцца ўсе саюзьнікі, уступленьне Украіны ў NATO будзе хуткім і плаўным», — адзначыў дзяржсакратар ЗША.

Блінкен нагадаў, што Ўкраіна падпісала ўжо 19 пагадненняў па бясьпецы, у выніку чаго можа разьлічваць на сыстэмную і доўгатэрміновую падтрымку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візыт дзяржсакратара ЗША ў Кіеў: перамога, дэмакратыя і свабода Ўкраіны — найлепшы адказ Пуціну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеў зь неаб’яўленым візытам прыбыў дзяржаўны сакратар ЗША