Брытанскія спэцслужбы заявілі пра рызыку «фізычных атак на Захад» з боку Расеі

Ганна Кіст-Батлер

Расейскія ўлады на чале з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным рыхтуюць «фізычныя атакі на Захад», піша The Telegraph са спасылкай на заяву кіраўніцы брытанскага Цэнтру ўрадавай сувязі Ганну Кіст-Батлер. Спэцслужба, якой яна кіруе з траўня 2023 году, адказная за вядзеньне радыёэлектроннай выведкі.

З улікам росту напружанасьці паміж Масквой і Захадам брытанскі Цэнтар сувязі ўсё больш турбуе ўзмацненьне кантактаў паміж расейскімі спэцслужбамі і проксі-групамі з мэтай арганізацыі кібэратак, а таксама меркаваных дывэрсійных апэрацый і сачэньня, сказала Кіст-Батлер.

Расею ўжо працяглы час абвінавачваюць у спрыяньні хакерскім групам, дзеяньні якіх накіраваныя супраць заходніх структур і характарызуюцца выдасканаленымі мэтадамі, піша The Telegraph. Масква ня раз падобныя абвінавачаньні катэгарычна адмаўляла.

Выступаючы на канфэрэнцыі CyberUK у Бірмінгеме, Ганна Кіст-Батлер таксама сказала, што Пуцін «не адмовіўся ад сваёй максымалісцкай мэты падпарадкаваць насельніцтва Украіны». Пры гэтым кіраўніца брытанскай спэцслужбы падкрэсьліла, што падтрымка Кіева з боку Лёндану застаецца нязьменнай, а спэцыялісты ў Вялікай Брытаніі працуюць над павышэньнем эфэктыўнасьці сродкаў кібэрабароны.

Яшчэ адной рэальнай кібэрпагрозай, якая мацнее, Ганна Кіст-Батлер назвала Кітай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія выказала пратэст Расеі праз глушэньне сыгналу GPS, якое прывяло да спыненьня палётаў цывільнай авіяцыі