Грузавы цягнік сышоў з рэек у Валгаградзкай вобласьці Расеі. Падазраюць атаку дронамі

Ілюстрацыйнае фота

Здарэньне адбылося «ад староньняга ўмяшаньня», сьцьвярджаюць мясцовыя ўлады.

Цыстэрна з палівам і вагон зь піламатэрыяламі загарэліся на станцыі Катлубань у Валгаградзкай вобласьці Расеі. Там сышлі з рэек вагоны грузавога цягніка. Узгараньне ўдалося патушыць, паведаміла рэгіянальнае ўпраўленьне МНС.

«Пажарныя разьлікі першага пажарна-ратавальнага атраду апэратыўна зьліквідавалі ўзгараньне ў 03:38», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні МНС.

Мясцовыя СМІ і тэлеграм-каналы выказваюць здагадку, што прычынай здарэньня стала работа бесьпілётніка. Прыволская чыгунка назвала прычынай «умяшаньне староньніх асобаў».

Рух цягнікоў прыпынялі, але ўсё ж аднавілі па адной каляіне ў рэвэрсіўным рэжыме. Інцыдэнт прывёў да затрымкі двух чыгуначных саставаў.

Напярэдадні бесьпілётнікі напалі на Валгаградзкі НПЗ, пасьля ўдару на прадпрыемстве пачаўся пажар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па Валгаградзкім НПЗ ударыў бесьпілётнік
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нафтабазе пад Анапай пажар пасьля атакі дрона, у Белгарадзе заявілі пра 8 пацярпелых у выніку абстрэлу