Паводле расейскіх крыніц, падразьдзяленьні групоўкі войскаў «Поўнач» УС РФ ужо захапілі населеныя пункты Гацішча, Краснае, Марахавец і Алейнікава Харкаўскай вобласьці, баі ў раёне населеных пунктаў Дзегцярное, Ваўчанск і Казачая Лопань працягваюцца.
У Генштабе УСУ прызналі тактычныя посьпехі расейскіх вайскоўцаў у раёне Ваўчанску. Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандар Сырскі назваў сытуацыю ў гэтым раёне складанай, але запэўніў, што УСУ робяць усё, каб утрымаць абаронныя пазыцыі ў Харкаўскай вобласьці.
«Мы ведаем пляны ворага і гнутка рэагуем на ўсе яго дзеяньні. Для ўзмацненьня абароны прымаюцца ўсе неабходныя меры і апэратыўна прымаюцца рашэньні, у тым ліку кадравыя», — падкрэсьліў Сырскі.
Паводле Генштабу УСУ па стане на раніцу 13 траўня, жорсткія баі вядуцца ў раёне населеных пунктаў, аб узяцьці якіх раней заявілі ў Мінабароны РФ. Украінскія вайскоўцы паведамляюць, што контратакуюць на некаторых участках.
«Вядуцца баі за памежны горад Ваўчанск. Вораг задзейнічаў значныя сілы для вядзеньня наступу на горад, да пяці батальёнаў, і ня лічыцца з стратамі», — паведамілі ў Генштабе УСУ. Там дадалі, што толькі забітымі на гэтым напрамку расейскія падразьдзяленьні страцілі за суткі больш як 100 чалавек.
Паводле кіраўніка Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алега Сінягубава, 12 траўня ў выніку моцнага абстрэлу Ваўчанску пацярпелі сямёра мірных жыхароў. У МУС Украіны ўдакладнілі, што ў горадзе загінулі тры чалавекі.
Улады рэгіёну праводзяць экстранную эвакуацыю насельніцтва з раёнаў, блізкіх да зоны баявых дзеяньняў. Усяго за выходныя эвакуавалі каля шасьці тысяч чалавек, удакладніў Сінягубаў.
У сваю чаргу, начальнік аддзелу паліцыі Ваўчанску Максім Стэцына паведаміў, што, нягледзячы на паведамленьні расейскіх вайсковых карэспандэнтаў і ўкраінскіх журналістаў пра баі на ўскраінах Ваўчанску, расейскія вайскоўцы ў горад не зайшлі і вулічных баёў там няма. Ён таксама адзначыў, што эвакуацыя жыхароў Ваўчанску працягваецца.
У этэры ўкраінскай службы Радыё Свабода кіраўнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Ваўчанску Тамаз Гамбарашвілі расказаў, што абарончыя збудаваньні вакол гораду ўзводзіліся, але будаваць іх было няпроста з прычыны пастаянных абстрэлаў з боку расейскіх войскаў і блізкасьці гораду да мяжы з Расеяй. Ён прызнаў, што, магчыма, гэтых умацаваньняў было пабудавана недастаткова.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце ў нядзелю заявіў, што цяпер задача нумар адзін для ўкраінскіх вайскоўцаў — «зрываць расейскія наступальныя задумы».
- Выданьне Forbes піша, што бітва за Ваўчанск можа стаць першай буйной бітвай новага наступу расейскага войска ў Харкаўскай вобласьці.
- Расейскія войскі захапілі Ваўчанск у першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня ў 2022 годзе. Сем месяцаў горад быў пад акупацыяй. Увосень таго ж году УСУ вызвалілі Ваўчанск, Балаклею, Ізюм і шэраг раёнаў Харкаўскай вобласьці ў рамках свайго першага контранаступу.