Інстытут вывучэньня вайны: ад актывізацыі супрацы Беларусі і Ірану выйграе Расея

Прадпрыемства «Белнафтахім». Ілюстрацыйнае фота

12 траўня канцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што на Тэгеранскай міжнароднай выстаўцы беларускія прадпрыемствы падпісалі шэраг дамоў «аб узаемаразуменьні з іранскімі калегамі».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Беларусь працягвае расшыраць супрацу зь Іранам на карысьць Расеі.

«Беларусь і Іран актывізуюць двухбаковую супрацу. Беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА 12 траўня паведаміла, што беларускія нафтахімічныя прадпрыемствы падпісалі пагадненьні аб супрацы з прадстаўнікамі іранскай нафтахіміі на выстаўцы Iran Oil Show. У мінулым Беларусь і Іран імкнуліся да пашырэньня вайсковай, эканамічнай і тэхнічнай супрацы, ад чаго Расея, імаверна, часткова выйграе ў рамках саюзнай дзяржавы», — адзначаецца ў справаздачы ISW ад 12 траўня.

12 траўня канцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што на Тэгеранскай міжнароднай выстаўцы беларускія прадпрыемствы падпісалі шэраг дамоў «аб узаемаразуменьні з іранскімі калегамі».

У той жа час канцэрн не ўдакладніў назвы беларускіх і іранскіх прадпрыемстваў, а таксама сутнасьць падпісаных дакумэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Іран правялі першае пасяджэньне камісіі ў вайсковай супрацы. Дамовіліся пра пляны на 2024 год