Паводле інфармацыі абʼяднаньня, якое спасылаецца на атрыманы дакумэнт, размова ідзе пра асноўны абʼект у інвэстыцыйным праекце па ўзьвядзеньні ў сталіцы элітнага гасьцінічнага комплексу.
На сёньня, сьцьвярджае BelPol, за кошт сродкаў інвэстара праведзена «рэканструкцыя гістарычных будынкаў, у якіх адкрыты гатэль The Basilian Minsk, Curio Collection by Hilton пад кіраўніцтвам апэратара „Гілтан“, узьведзены пешаходны мост праз раку Сьвіслач».
«Гэта зьяўляецца другой і трэцяй чэргамі будаўніцтва. А вось працы па першай чарзе праекту — асноўнай 5-зоркавай гасьцініцы яшчэ вядуцца», — цытуе былых сілавікоў агенцтва «Позірк».
Адзначаецца, што нясвоечасовую рэалізацыю праекту інвэстар тлумачыць дзьвюма прычынамі: нэгатыўным уплывам санкцый «недружалюбных дзяржаў» у частцы абмежаваньня або забароны на ўвоз у Беларусь патрэбных матэрыялаў і абсталяваньня, а таксама неабходнасьцю «рэструктураваць фінансаваньне і ўсе разьлікі па праекце з даляраў на эўра».
У сувязі зь немагчымасьцю разьлікаў у далярах, гаворыцца ў публікацыі, інвэстару даводзіцца «шукаць альтэрнатыўныя варыянты аплаты замежным пастаўнікам».
Таксама паведамляецца пра адмову шэрагу замежных банкаў працаваць зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя ўніфікавалі кантроль выкананьня санкцыяў супраць Беларусі і РасеіУказ № 348 «Аб будаўніцтве шматфункцыянальнага гасьцінічнага комплексу ў Менску» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у жніўні 2015 году, дакумэнту быў прысвоены грыф «Для службовага карыстаньня», адзначае абʼяднаньне экс-сілавікоў.
Інвэстарам праекту ва ўказе названа кампанія з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў «Капаонік Праперці Інвестмент Элелсі», заказчыкам — таварыства з абмежаванай адказнасьцю «КПІ Дэвелапмент». Завяршыць будаўніцтва плянавалася да канца 2023 году.
Месцам будаўніцтва 5-зоркавага гасьцінічнага комплексу быў вызначаны ўчастак зямлі ў межах вуліц Багдановіча, Купалы і ракі Сьвіслач. Раней на гэтым месцы былі выставачны комплекс «БелЭкспа» і галоўны корпус 2-й гарадзкой клінічнай бальніцы. Гэтыя будынкі зьнесьлі, каб пачаць будоўлю.