На Зямлі пачалася наймацнейшая за апошнія дваццаць гадоў магнітная бура: ёй прысвоены найвышэйшы ўзровень G5, паведамляюць касьмічныя інстытуты ЗША і Расеі.
Узровень G5 адпавядае экстрэмальна моцнай магнітнай буры. У час яе могуць узьнікаць маштабныя праблемы з аб’ектамі энэргетыкі, касьмічнымі апаратамі і спутнікамі на арбіце зямлі.
Як тлумачыць беларускі навукоўца-хімік Сяргей Бесараб, ёсьць імавернасьць узьнікненьня праблемаў з працаздольнасьцю электронных прыладаў, сыстэмаў сувязі, GPS, рэлейнай аўтаматыкі, магчымыя аварыйныя адключэньні электраэнэргіі. Небясьпеку для здароўя людзей могуць уяўляць палёты на самалётах.
«З пункту гледжаньня разумнага сэнсу, авіякампаніі на найбліжэйшыя тры дні павінны адмяніць авіярэйсы або зьмяніць паветраныя калідоры. Пад пытаньнем таксама тыя, хто падарожнічае ў гарах або зьдзяйсьняе ўзыходжаньні. Лепш бы, прынамсі, пераседзець у базавых лягерах», — піша навукоўца ў сваім тэлеграм-канале.
Што да самаадчуваньня людзей, якія ў момант геамагнітнай буры знаходзяцца на зямлі, паводле Сяргея Бесараба, кансэнсусу сярод навукоўцаў у гэтым пытаньні няма. Ёсьць толькі асобныя дасьледаваньні, якія паказваюць, што ў некаторых выпадках могуць узьнікнуць праблемы ў людзей з хранічнымі захворваньнямі.
Падчас магнітнай буры палярныя зьзяньні могуць фіксавацца нават у тропіках. Так, палярнае зьзяньне фіксавалі і жыхары Беларусі, некалькіх рэгіёнаў Расеі, Украіны, Грузіі, Армэніі, Кубы.
Раней кіраўнік Лябараторыі сонечнай астраноміі Інстытута касьмічных дасьледаваньняў Расейскай акадэміі навук Сяргей Багачоў паведамляў, што працягласьць магнітнага шторму можа скласьці ад 20 да 40 гадзін. Ён патлумачыў, што за трое сутак Сонца выкінула ў бок Зямлі чатыры выключна буйныя аблокі плязмы. Частка іх зьлілася ў дарозе ў адзіны яшчэ буйнейшы аб'ект, які ўдарыў па магнітным полі Зямлі.