Сі Цзіньпін і прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан правялі перамовы ў Будапэшце, які стаў апошнім прыпынкам у пяцідзённым эўрапейскім турнэ кітайскага лідэра. Перад гэтым Сі Цзіньпін пабываў у Сэрбіі і Францыі.
Агулам было падпісана 18 розных пагадненьняў і мэмарандумаў аб узаемаразуменьні.
На брыфінгу Орбан высока ацаніў «пастаяннае, бесьперапыннае сяброўства» паміж дзьвюма краінамі і паабяцаў, што ягоная краіна і надалей будзе прымаць кітайскія інвэстыцыі.
«Я хацеў бы запэўніць старшыню, што Вугоршчына будзе і ў далейшым забясьпечваць справядлівыя ўмовы для інвэстыцый кітайскіх кампаній у нашу краіну і што мы створым магчымасьць для таго, каб самыя сучасныя заходнія і самыя сучасныя ўсходнія тэхналёгіі сустракаліся і наладжвалі супрацоўніцтва ў Вугоршчыне», — сказаў Орбан.
Пэкін інвэставаў у Вугоршчыну мільярды даляраў і бачыць у ёй важны пляцдарм у Эўразьвязе — блёку, у які ўваходзяць 27 краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выпадку са Шмытам прэм’ер Польшчы ініцыяваў камісію для расьсьледаваньня ўплываў Беларусі і РасеіНапрыканцы мінулага году Віктар Орбан быў адзіным кіраўніком ураду краіны ЭЗ, які прысутнічаў у Пэкіне на саміце ініцыятывы «Пояс і шлях», стратэгічнай праграмы глябальнага пашырэньня кітайскай эканомікі. З Кітаю прэм'ер-міністар Вугоршчыны прывёз пагадненьне аб будаўніцтве першага ў Эўропе заводу электрамабіляў канцэрну BYD у горадзе Сэгед. Гэта найбуйнейшы кітайскі вытворца электрамабіляў, які можа сёлета стаць сусьветным лідэрам у галіне электрамабільнасьці. Сваім пашырэньнем, а таксама ўласнымі тэхналёгіямі для электрамабільных акумулятараў BYD выклікае, як піша «Голас Амэрыкі, паніку сярод заходніх аўтамабільных кампаній.