Ва Ўкраіне павялічылася колькасьць рэспандэнтаў, якія аддаюць перавагу дэмакратычнай сыстэме, а ня моцнаму лідэру.
«Большасьць [апытаных] украінцаў — 57% — мяркуюць, што Ўкраіна хутчэй за ўсё або цалкам ёсьць дэмакратычнай. Зь іх 34% лічаць, што амаль ці цалкам, а 23% назвалі хутчэй дэмакратычнай. У той жа час толькі 14% адказалі, што Ўкраіна ёсьць хутчэй або цалкам дыктатарскай. Яшчэ 27% рэспандэнтаў адказалі, што Ўкраіна ў роўнай ступені зьяўляецца дыктатарскай і дэмакратычнай краінай», — адзначаецца ў паведамленьні Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі (КМІС).
Згодна з вынікамі дасьледаваньня, ва Ўкраіне ўсё больш грамадзян, якія аддаюць перавагу дэмакратычнай сыстэме, а ня моцнаму лідэру.
Як паведамілі ў КМІС, у 2020 годзе 54% рэспандэнтаў называлі прыярытэтнай неабходнасьць моцнага лідэра, у 2022 годзе такую думку выказалі 58% рэспандэнта, а ў 2023 годзе — 32%.
«У сьнежні 2023 году большасьць украінцаў (59%) адказалі, што для Ўкраіны дэмакратычная сыстэма больш важная», — адзначаецца ў паведамленьні.
Выканаўчы дырэктар Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Антон Грушэцкі ўпэўнены, што імкненьне да дэмакратыі зьяўляецца «доўгатэрміновай тэндэнцыяй».
«Украіна хоць і не зьяўляецца пакуль што ўстойлівай дэмакратыяй, а яе інстытуцыі не настолькі цудоўна функцыянуюць, але аб’ектыўна Ўкраіна дакладна ідзе шляхам да гэтага. Магчыма, з пэўнымі адкочваньнямі, але доўгатэрміновыя тэндэнцыя відавочныя. Можна колькі заўгодна крытыкаваць простых украінцаў за іхную палітычную культуру, але за апошнія 20 гадоў украінцы двойчы моцна прадэманстравалі імкненьне да дэмакратыі ў часе Аранжавай рэвалюцыі і Рэвалюцыі годнасьці», — перакананы Антон Грушэцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мянялася стаўленьне да вайны беларусаў, украінцаў і расейцаў? Агляд апытаньняў