Польскі суд дазволіў арыштаваць судзьдзю Шмыта, які зьбег у Беларусь, па абвінавачаньні ў шпіянажы

Томаш Шмыт на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 6 траўня 2024

Дысцыплінарны суд пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе Польшчы дазволіў затрымаць і ўзяць пад варту судзьдзю 2-га аддзяленьня ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Томаша Шмыта, якога абвінавачваюць у перадачы замежнай выведцы сакрэтных зьвестак (п. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы).

Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнай пракуратуры Польшчы (НПП).

Сваім рашэньнем суд таксама пастанавіў пазбавіць Шмыта недатыкальнасьці. У НПП удакладнілі, што цяпер праваахоўныя органы могуць абвясьціць судзьдзю ў нацыянальны і міжнародны вышук.

Таксама ў польскай пракуратуры паведамілі, што, апроч перадачы замежнай выведцы сакрэтных зьвестак, Шмыта абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзейнасьці замежных спэцслужбаў, накіраваных супраць Польшчы (п. 1 і 5 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы).

«Сабраныя доказы адназначна ўказваюць на тое, што Томаш Шмыт браў удзел у гібрыднай вайне, якую Беларусь і Расейская Фэдэрацыя вялі супраць Польшчы, удзельнічаючы ў прапагандысцкіх праграмах беларускіх і расійскіх дзяржаўных СМІ, распаўсюджваючы заявы праз свае акаўнты ў сацыяльных сетках, у тым ліку расейскамоўныя, якія паказваюць Польшчу як залежную асобу ў міжнародных адносінах. Імкнуўся справакаваць канфлікт з Расеяй і Беларусьсю, чым дзейнічаў на шкоду Польскай Рэспубліцы», — гаворыцца ў паведамленьні НПП.

У ведамстве таксама падкрэсьлілі, што дзеяньні Шмыта «павінны былі падарваць міжнароднае становішча Польшчы і міжнародную палітыку, а таксама выклікаць унутраную напружанасьць».

6 траўня Томаш Шмыт, судзьдзя 2-га аддзяленьня ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы, выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, заявіў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску. Свае дзеяньні ён патлумачыў нязгодай з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў Польшчы.

Шмыт вёў справы, якія датычаць дзяржаўных сакрэтаў

Польскае выданьне Gazeta Wyborcza высьветліла, што судзьдзя Томаш Шмыт часта па службе вызначаў, каму даваць доступ да сакрэтных матэрыялаў. У Варшаўскім ваяводзкім адміністрацыйным судзе ён займаўся справамі, датычнымі дзяржаўных таямніц. На 4 чэрвеня ён быў прызначаны ў склад камісіі адносна наданьня доступу да сакрэтнай інфармацыі, у тым ліку да таямніц NATO, Эўразьвязу і Эўрапейскай касьмічнай агенцыі (ЭКА).

Вядома, што судзьдзя Шмыт уцёк у Беларусь праз Турэччыну.

Выданьне піша, што Шмыта шанавалі ў часы ўраду ПіС, генэральны пракурор Польшчы Зьбігнеў Зёбра прызначыў яго на працу ў Дзяржаўную раду судаводзтва (па-польску KRS, у час рэформаў ПіС орган атрымаў у прэсе назву neo-KRS). Аднак Эўрапейскі суд правоў чалавека і Трыбунал правасудзьдзя ЭЗ у сваіх выраках пасьля разгляду польскай справы адзначылі, што судзьдзі прызначаліся ў KRS незаконна. У сакавіку Таварыства польскіх судзьдзяў Iustitia, грунтуючыся на гэтых рашэньнях, пастанавіла, што працэдуру неабходна паўтарыць.

Удзел у скандале на глебе нянавісьці

Шмыт таксама быў адным з удзельнікаў скандалу на глебе нянавісьці, у якім група судзьдзяў, якія выступаюць за ПіС, ачарняла адвакатаў, якія не падпарадкоўваліся зьменам, уведзеным Зёбрам у сыстэме правасудзьдзя і праваахоўных органах.

Gazeta Wyborcza праверыла базу зьвестак прысудаў і рэестар Варшаўскага ваяводзкага адміністрацыйнага суду, дзе працаваў судзьдзя-ўцякач. Аказалася, што судзьдзя Шмыт меў доступ да вялікай колькасьці канфідэнцыйнай і патэнцыйна каштоўнай інфармацыі.

Якія справы чакалі Шмыта

4 чэрвеня Ваяводзкі адміністрацыйны суд зь ягоным удзелам павінен быў разглядаць скаргі на адмову ў «допуску бясьпекі». Гэта дазвол на доступ да сакрэтных матэрыялаў пэўнай катэгорыі. Той, хто мае патрэбу ў такім доступе, спачатку правяраецца Агенцыяй унутранай бясьпекі Польшчы (ABW), а ў выпадку вайскоўцаў — Службай вайсковай контравыведкі. І менавіта яе начальнік першым прымае рашэньне аб выдачы або адмове ў выдачы дазволу.

Такое рашэньне можна абскардзіць у Вайсковым адміністрацыйным судзе ў Варшаве. У адной справе, прызначанай на 4 чэрвеня, суд з удзелам Шмыта павінен быў разглядаць скаргу на адмову прыняць матэрыялы пад грыфам «сакрэтна». Гэта адзін з найвышэйшых пунктаў сакрэтнасьці ў Польшчы. Вышэйшая толькі катэгорыя «зусім сакрэтна», якая будзе тычыцца адмовы польскім чыноўнікам, жаўнерам або афіцэрам у доступе да таямніц міжнародных арганізацый.

Адзін выпадак тычыцца катэгорыі сакрэтнасьці NATO, другі — катэгорыі сакрэтнасьці ЭЗ, апошні выпадак — пункту сакрэтнасьці ЭКА.

«Такія працэсы ў адміністрацыйным судзе, — расказвае газэце былы афіцэр з досьведам працы ў службах контравыведкі, — тычацца сытуацый, калі камусьці ў Агенцыі ўнутранай бясьпекі ці Службе вайсковай контравыведкі адмовілі ў доступе да сакрэтаў, або ён атрымаў доступ, які пазьней адклікалі».

На 11 чэрвеня прызначаны яшчэ адзін разбор з удзелам судзьдзі Шмыта, гэтым разам адносна «мабілізацыйнага накіраваньня супрацоўнікаў». Дэталяў справы няма. Вядома, што гэта накіраваньне ў канкрэтныя вайсковыя часткі на час вайны для цывільных адмыслоўцаў, неабходных войску. Напрыклад, для IT-спэцыялістаў.

На бліжэйшыя дні было таксама заплянаванае паседжаньне ў Ваяводзкім адміністрацыйным судзе з удзелам Шмыта. Сярод іншага, маюць разьбірацца пытаньні аб пераводзе супрацоўніка паліцыі або іншай службы на іншую службовую пасаду і пазбаўленьні «контратэрарыстычнай дапамогі».

«Пытаньне ў тым, якія зьвесткі судзьдзя Шмыт узяў з сабою ў Менск», — кажа суразмоўца газэты са спэцслужбаў.

Дакладна можна сказаць, што інфармацыя пра некаторыя справы такога тыпу наагул нідзе не публікуецца. Але вядома, што ў 2022 годзе судзьдзя Томаш Шмыт засядаў у камісіі, якая разглядала скаргу на рашэньне прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага аб адмове ў доступе да сакрэтнай інфармацыі. Шмыт, як піша Wyborcza, мае шмат інфармацыі аб прадстаўніках розных службаў і жаўнерах. Працаваў ён і ў справах, дзе фігурантам выступала спэцслужба ABW.

У найбліжэйшыя 30 дзён польскія спэцслужбы могуць пачаць афіцыйнае сьледзтва ў справе Шмыта за перадачу іншаму боку інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду Польшчы. За гэта судзьдзя-ўцякач можа атрымаць ад 8 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Доступ да сакрэтных зьвестак

Колішні дырэктар Вайсковага гістарычнага бюро Польшчы Славомір Цэнцкевіч у сваім твітэры зьвярнуў увагу на тое, што праз год пасьля далучэньня Польшчы да NATO, у 2000-м, польскія судзьдзі атрымалі доступ да сакрэтных зьвестак без працэдуры праверкі спэцслужбамі. Ён папрасіў маршалка Сэйму, дэпутатаў і прэзыдэнта Польшчы выправіць становішча і заканадаўча ўвесьці такія праверкі судзьдзяў.

Таксама Цэнцкевіч адзначыў, што справа тычыцца не аднаго Шмыта, ёсьць і іншыя прыклады. А Шмыт як меркаваны агент беларускіх ці расейскіх спэцслужбаў:

  • меў доступ да інфармацыі, важнай для дзяржаўнай бясьпекі;
  • ведаў перадгісторыю спрэчак паміж спэцслужбамі і афіцэрамі (розных службаў) і службовымі асобамі (розных цэнтральных апаратаў), каму дазволы не былі дадзеныя або былі адкліканыя;
  • гэтая інфармацыя мае неацэннае значэньне для працы замежных службаў.

«У гэтым сэнсе справа Шмыта мае пэўнае падабенства да справы эстонскага агента Службы вонкавай выведкі Расеі Германа Сіма, якога пасьля 2009 году штаб-кватэра NATO прызнала „шпегам, які нанёс найбольшую шкоду ў гісторыі альянсу“, і які ў якасьці дырэктара Дэпартамэнту бясьпекі Міністэрства абароны Эстоніі (2001–2006) адказваў за праверку вайскоўцаў на прадмет доступу да сакрэтнай інфармацыі», — працягнуў польскі адмыслоўца.

Ён мяркуе, што ўжо цяпер трэба разабрацца са справамі, якія вёў у Польшчы Шмыт, а таксама прыпыніць дзеяньне дазволаў на доступ, якія гэты судзьдзя выдаваў.

Што гавораць пра матывы ўчынку Шмыта

Знаёмыя Шмыта ў размове з Onet.pl ня вераць, што судзьдзя мог пераехаць у Беларусь добраахвотна, дапускаюць нейкія пагрозы ў бок ягоных блізкіх і шчыльную сувязь уцёкаў судзьдзі з шумнай справай аб нянавісьці ў інтэрнэце пры папярэднім урадзе.

Польскі судзьдзя, які зьбег у Беларусь, быў у групе судзьдзяў, прыхільных да тагачаснай кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», калі ў Польшчы арганізавалі сетку інтэрнэт-троляў. Тыя абвінавачвалі ў розных рэчах судзьдзяў, нязгодных з адміністрацыйнай і судовай рэформай, якую рабіў тагачасны ўрад. Былая жонка Шмыта Эмілія была інфарматаркай, якая дапамагла раскрыць дзейнасьць каманды тагачаснага намесьніка міністра юстыцыі Лукаша Пебяка. Менавіта з судовымі справамі вакол гэтага скандалу некаторыя знаёмыя Шмыта зьвязваюць ягоныя ўцёкі з краіны.

У першыя гадзіны пасьля таго, як Томаш Шмыт у Менску падпісаў заяву аб адстаўцы са сваёй пасады і афіцыйна заявіў, што просіць у Беларусі палітычнага прытулку, на ягоныя дзеяньні зрэагаваў міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі.

«Я ў шоку. У нас ужо быў здраднік; здаецца, што гэта падобны выпадак», — заявіў Радослаў Сікорскі.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ня ведае падрабязнасьцяў справы.