Бізнэсовец Ігар Каламойскі, які падазраецца ў арганізацыі заказнога забойства адваката Сяргея Карпенкі, будзе ўтрымлівацца пад вартай да 7 ліпеня 2024 году бяз права ўнесьці заклад. Такое рашэньне прыняў Пячэрскі раённы суд Кіева, паведамляе ўкраінскае выданьне «Ґрати» з залі суду.
З 2 верасьня 2023 году Каламойскі знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Службы бясьпекі Ўкраіны паводле падазрэньня ў махлярстве і адмываньні грошай. Мера стрыманьня па дадзеным падазрэньні прадугледжвала арышт да 2 чэрвеня з унясеньнем закладу ў памеры 1,9 мільярда грыўняў.
Паводле вэрсіі сьледзтва, Каламойскі замовіў забойства дырэктара юрыдычнай кампаніі за «невыкананьне патрабаваньняў аб адмене і прызнаньні несапраўднымі рашэньняў агульнага сходу акцыянэраў адкрытага акцыянэрнага таварыства», а менавіта прадпрыемства «Дніпроспецсталь». Бізнэсовец сваю датычнасьць да злачынства адмаўляе.
8 траўня праваахоўнікі паведамілі Каламойскаму пра падазрэньне ў арганізацыі заказнога забойства дырэктара юрыдычнай кампаніі ў 2003 годзе. Паводле новых матэрыялаў сьледзтва, яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскага алігарха Каламойскага абвінавачваюць у крадзяжы 9,2 млрд грыўняў