У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 7 траўня адбыўся разгляд справы лекара-нэўроляга Руслана Бадамшына. Праваабаронцы «Вясны» даведаліся аб прысудзе лекару 9 траўня.
Судзьдзя Юлія Крэпская прызнала Руслана Бадамшына вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і асудзіла на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хатняй хіміі»).
Вядома, што з 2020 году Руслана Бадамшына затрымлівалі сама меней пяць разоў, агулам ён адбыў пад арыштам больш за 60 дзён.
Пасьля адміністрацыйнага арышту ў красавіку 2021 году Бадамшына звольнілі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўралёгіі і нэўрахірургіі, дзе ён працаваў лекарам функцыянальнай дыягностыкі. У той дзень, 8 красавіка, у 7:30 доктар быў вызвалены з жодзінскай турмы, дзе ён адбыў 15 сутак. Бяз грошай і тэлефона лекар вымушаны быў дабірацца ў Менск і зьявіўся на працу а 12-й гадзіне замест 10-й, што залічылі за прагул.
Апошні раз лекара затрымалі раніцай 28 лютага. На яго завялі крымінальную справу за фота з акцыяў пратэсту ў 2020 годзе ў Менску.
Да апошняга па ліку арышту, у лютым 2024 году, Руслан Бадамшын працаваў лекарам-нэўролягам у мэдычным цэнтры «Нардзін». У сям’і Руслана Бадамшына двое дзяцей, 9 і 6 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі доктара Бадамшына, які прайшоў праз 5 арыштаў