9 траўня ў Вільні кіраўнікі мытняў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі падпісалі пагадненьне аб прымяненьні адзіных мераў кантролю пры выкананьні санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі і Расеі, паведамляе літоўскае агенцтва BNS.
«Літоўская мытня імкнецца да таго, каб ва ўсіх краінах Эўразьвязу прымяняліся адзіныя і жорсткія меры па выкананьні санкцыяў. Толькі сумеснымі ўзгодненымі дзеяньнямі мы забясьпечым міжнародныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі і паспрыяем міру ва Ўкраіне», — заявіў перад падпісаньнем пагадненьня гендырэктар мытнага дэпартамэнту Літвы Дарыюс Жвіронас, паведамляе LRT.
У эфіры радыё LRT чыноўнік адзначыў, што падпісаньне пагадненьня зьяўляецца «палітычным крокам». Паводле яго, польская і фінская мытні ўжо прымяняюць большасьць агульных патрабаваньняў пры выкананьні санкцыяў.
Паводле чыноўніка, у будучыні плянуецца пашырыць меры санкцыйнага кантролю, і ў бліжэйшы час да пагадненьня павінны далучыцца больш краінаў — якія гэта краіны, кіраўнік літоўскай мытні не ўдакладніў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея гасіць сыгналы GPS у раёне Балтыкі. Сытуацыя неспакойная». Эстонія, Латвія і Літва выступілі з супольнай заявай- Краіны Захаду ўвялі эканамічныя, дыпляматычныя і іншыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі пасьля таго, як Масква пачала шырокамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
- Дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што рэжымы Лукашэнкі і пуціна знаходзяць спосабы абыходзіць абмежавальныя меры на экспарт і імпарт падсанкцыйнай прадукцыі.
- У студзені 2024 году Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся аб прымяненьні адзіных мераў кантролю падчас выкананьня санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі і Беларусі. Яны ўзмацнілі кантроль санкцыйных тавараў, якія вывозяць у трэція краіны празь Беларусь і Расею ці перавозяць транзытам.