Міністар абароны Польшчы раскрыў пляны умацаваньня мяжы зь Беларусьсю

Міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш

Міністар абароны Польшчы выказаўся за будаваньне бункераў, равоў і акопаў на межах зь Беларусьсю і Расеяй.

Міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш у эфіры Radio Zet расказаў, што пляны ўмацаваньня дзяржаўная мяжы ўжо распрацаваныя.

На пытаньне «Ці павінна Польшча пачаць будаўніцтва бункераў, равоў і акопаў на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй?» Касіняк-Камыш адказаў «Так».

Пры гэтым кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы заклікаў не акцэнтаваць увагу выключна на фізычных умацаваньнях.

«Рыхтуем цэлы плян. Мы гэта робім дэ-факта, умацаваньне мяжы. Я тлумачу гэтае пытаньне крыху шырэй. Я тлумачу яго як узмацненьне мяжы. Выпраўляем агароджу на мяжы польска-беларускай, узмацняем гэтую агароджу. Ёсьць вайсковая групоўка, якая пастаянна знаходзіцца ў Падляшшы, Люблінскім ваяводзтве, Мазавецкім, Вармінска-Мазурскім, якія падтрымліваюць Памежную ахову, ёсьць прысутнасьць войска. І выдаткі на гэта самыя вялікія ў 2024 годзе», — заявіў Касіняк-Камыш і зьвярнуў увагу ў тым ліку на прысутнасьць саюзных войскаў на межах краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча з пачатку красавіка спыніла больш за 5 тысяч спроб пранікненьня мігрантаў зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэгіянальны бізнэс на Падляшшы просіць аднавіць памежныя пераходы зь Беларусьсю