Прапагандысты з БТ падманам узялі інтэрвію ў аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты Літвы

Кандыдат у прэзыдэнты Літвы Гедрымас Яглінскас, фота зь яго афіцыйнага сайту jeglinskas.lt

Інтэрвію аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты Літвы Гедрымаса Яглінскаса нечакана зьявілася на беларускім дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1». Яглінскас сьцьвярджае, што трапіў у пастку, бо па добрай волі гэтаму рэсурсу інтэрвію ні за што б ня даў, паведамляе Delfi.lt.

Як патлумачыў Гедрымас Яглінскас, з просьбай аб інтэрвію да яго зьвярнуліся нібыта ад імя апазыцыйнага расейскага парталу Meduza.

«Да мяне за інтэрвію афіцыйна зьвярнуўся апазыцыйны расейскі партал Meduza, пасьля гэтага нечакана інтэрвію зьмясьцілі на беларускім прапагандысцкім канале з разнастайнымі ватніцкімі ўпрыгажэньнямі», — заявіў Яглінскас.

Ён адзначыў, што спакойны «што тычыцца зьместу інтэрвію», але «трапіць на такі канал было шчыра непрыемна».

Рэдакцыя Delfi зьвязалася з галоўным рэдактарам «Медузы» Іванам Калпаковым, які пацьвердзіў, што «Медуза» ніякага дачыненьня да атрыманага Яглінскасам ліста ня мае. Усе лісты журналістаў выданьня рассылаюцца з сэрвэра «Медузы» (прыклад, editorial@meduza.io), а сытуацыя зь лістом і інтэрвію выглядае як пранк. Акрамя таго, на думку Калпакова, ліст напісаны, відавочна, не журналістам.

Ліст, які атрымаў Гедрымас Яглінскас

  • Гедрымас Яглінскас — адзін з 8 кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Літвы. Яго кандыдатуру вылучыў дэмакратычны саюз «У імя Літвы».
  • Прэзыдэнцкія выбары ў Літве адбудуцца 12 траўня. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 8 чалавек, у тым ліку дзейны прэзыдэнт Гітанас Наўседа і дзейная прэм’ерка Інгрыда Шыманіце (адзіная жанчына з 8 кандыдатаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ ня будзе назіраць за літоўскімі выбарамі, бо Літва супраць назіральнікаў ад Беларусі і Расеі