На Красную плошчу ў Маскве, дзе адбываўся вайсковы парад з нагоды 79-й гадавіны заканчэньня Другой усясьветнай вайны, Аляксандар Лукашэнка прыбыў разам зь іншымі кіраўнікамі краін СНД і Ўладзімірам Пуціным.
Перад гэтым Пуцін іх сустракаў у Крамлі, адкуль яны адразу выйшлі на трыбуну для гасьцей.
На парадзе прысутнічалі прэзыдэнт Казахстану Касым-Жакарт Такаеў, прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў, прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон і прэзыдэнт Туркмэністану Сердар Бердымухамедаў.
На парад таксама прыбылі прэзыдэнт Рэспублікі Кубы Мігель Дыяс-Канэль, а таксама кіраўнікі Гвінэі-Бісаў і Лаосу.
Як паведаміў тэлеграм-канал, які вядуць журналісты крамлёўскага пулу «РИА Новости», Лукашэнка прыехаў на парад са сваім сабакам Умкам. Яны апублікавалі фотку шпіца і дадалі подпіс: «На трыбуне шпіц Умка прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У сабачкі ёсьць ужо досьвед назіраньня за парадамі, таму Умку нават не трымаюць на павадку».
«Расея зробіць усё, каб не дапусьціць глябальнага сутыкненьня, але ў той жа час мы не дазволім нікому пагражаць нам. Нашы стратэгічныя сілы заўсёды ў баявой гатоўнасьці», — сказаў Пуцін, выступаючы на парадзе ў Маскве.
Раней ён загадаў узброеным сілам Расеі правесьці вучэньні па прымяненьні тактычнай ядзернай зброі, да якіх далучылася і беларускае войска.
Сёлета ў парадзе, паводле Міністэрства абароны Расеі, удзельнічалі больш за 9 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку тых, якія ваявалі на тэрыторыі Ўкраіны, а таксама звыш 70 адзінак тэхнікі. Калі тэхніка, частку якой упрыгожылі па баках «георгіеўскімі» стужкамі і пяціканцовымі зоркамі, пачала зьяжджацца на парад, на дарозе ляжаў сьнег.
Пасьля параду кіраўнікі дзяржаў СНД рушылі пешшу ў Аляксандраўскі сад, каб ускласьці вянок да магілы Невядомага салдата каля сьценаў Крамля.
Амаль адразу Лукашэнка істотна адстаў ад сваіх калег і толькі празь некалькі хвілін далучыўся да іх.
Сёлета ўсясьветная супольнасьць адзначае 79 гадоў з дня заканчэньня Другой усясьветнай вайны ў Эўропе. У Нямеччыне імпрэзы праводзяцца 8 траўня, ва Ўкраіне — 8 і 9 траўня, а ў Расеі і большасьці іншых краін былога СССР — 9 траўня праз розьніцу ў часе пры падпісаньні дамовы аб капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны.
Ужо трэці раз памятныя мерапрыемствы праводзяцца на тле агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. У мінулыя два гады гэта прыводзіла да канфліктаў паміж удзельнікамі розных груп дэманстрантаў.
У Менску параду і дэманстрацыі ў цэнтры гораду ня будзе, заплянаванае толькі ўскладаньне кветак на плошчы Перамогі і салют.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дачку не ўзялі віншаваць вэтэрана — яна не піянэрка». Як школьнікаў вучаць любіць Дзень Перамогі