Упершыню на чале гэтай невялікай балканскай краіны стане жанчына — Гордана Сілянаўска-Даўкава. Яе вылучалі кандыдаткай у прэзыдэнты ад правай Дэмакратычнай партыі за нацыянальнае адзінства (DPMNE). У выніку падліку 99,82% галасоў яна атрымала 65,14% галасоў выбарнікаў.
Правая апазыцыйная партыя ВМРО-ДПМНЕ перамагае з вынікам 43,23% і атрымае ў парлямэнце 58 мандатаў.
Лідэр кіроўных цяпер сацыял-дэмакратаў (SDSM) Дзімітар Кавачэўскі прызнаў сваю паразу пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў. Апазыцыйная партыя DPMNE перамагла з істотнай перавагай.
«Нашы вынікі расчароўваюць», — сказаў Кавачэўскі на прэс-канфэрэнцыі, заклікаўшы да ўважлівага аналізу прычынаў паразы.
Выбарнікі Паўночнай Македоніі, насельніцтва якой налічвае два мільёны, у апошні час адчувалі расчараваньне павольным рухам іхнай краіны да сяброўства ў Эўразьвязе. Пэрспэктыва стаць сябрам ЭЗ усяліла ў грамадзян краіны аптымізм яшчэ ў 2005 годзе. Але з тых часоў надзеі згасьлі і, як адзначае Reuters, Паўночная Македонія стала сымбалем няспраўджаных мараў.
Спробы зьнізіць карупцыю і адначасова пераадолець вельмі марудныя тэмпы эканамічнага разьвіцьця адштурхнулі выбарнікаў ад кіроўнай партыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паўночнай Македоніі прайшоў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў- Выбары ў Паўночнай Македоніі праходзілі на фоне двухгадовага супрацьстаяньня паміж урадам і апазыцыяй наконт таго, як размаўляць з суседняй Баўгарыяй, якая блякуе шлях дзяржавы да сяброўства ў ЭЗ.
- Адносіны з Баўгарыяй цягам многіх гадоў былі напружанымі з прычыны спрэчак аб мовах і гісторыі дзьвюх краін. Сафія адмовілася падтрымаць пачатак перамоваў паміж Скоп’ем і ЭЗ аб далучэньні да таго часу, пакуль Паўночная Македонія не прызнае сваю маленечкую баўгарскую меншасьць у Канстытуцыі. Пэндароўскі і СДСМ гатовыя ўнесьці папраўкі, але не хапае колькасьці мандатаў.
- Апазыцыйная партыя ВМРО-ДПМНЕ заяўляла, што канстытуцыйныя зьмены могуць адбыцца толькі пасьля ўступленьня Паўночнай Македоніі ў ЭЗ.