Міністэрства замежных спраў Эстоніі выклікала часовага паверанага Расеі для ўручэньня пратэсту праз умяшаньне Расеі ў спадарожнікавую навігацыю.
«Умяшаньне Расеі ў спадарожнікавую навігацыю з часам узмацнілася, сее блытаніну і моцна ўплывае на цывільную авіяцыю. Гэтымі дзеяньнямі Расея парушае рэглямэнт радыёсувязі Міжнароднага саюзу электрасувязі, паводле якога забаронена ствараць перашкоды такога кшталту, і мы таксама перадалі гэтае паведамленьне часоваму паверанаму ў справах Расеі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Эстоніі.
Міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна заявіў, што «глушэньне сыгналу GPS зьяўляецца адным з элемэнтаў гібрыднай дзейнасьці Расеі, які парушае нармальнае жыцьцё і стварае пагрозу бясьпецы саюзьнікаў, як і гвалтоўныя інцыдэнты, кібэратакі і кампаніі па дэзынфармацыі, арганізаваныя Расеяй».
Паводле яго, Расея нанесла сур’ёзную шкоду авіязносінам у рэгіёне, найбольш яскравае сьведчаньне гэтага — спыненьне палётаў паміж Хэльсынкі і Тарту.
У паведамленьні МЗС адзначаецца, што гібрыдная дзейнасьць Расеі становіцца ўсё большай праблемай у Эўропе і ў іншых краінах. На гэтым тыдні некалькі эўрапейскіх краін выклікалі высокапастаўленых расейскіх дыпляматаў у сувязі з гібрыднымі і кібэрнэтычнымі атакамі з боку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея гасіць сыгналы GPS у раёне Балтыкі. Сытуацыя неспакойная». Эстонія, Латвія і Літва выступілі з супольнай заявай29 красавіка кіраўнікі МЗС Эстоніі, Літвы і Латвіі абвінавацілі Расею ў тым, што яна перашкаджае сыстэме GPS паблізу Калінінградзкай вобласьці ў раёне Балтыйскага мора.
Авіякампанія Finnair праз пагрозу бясьпецы палётаў скасавала рэйсы паміж Хэльсынкі і Тарту з 29 красавіка да 31 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самалёт Ryanair ня меў GPS 2 гадзіны па прылёце і вылеце зь Вільні». На Балтыцы зноў зафіксавалі праблемы з навігацыяй