7 траўня кампанія AstraZeneca паведаміла, што ініцыявала адкліканьне сваёй вакцыны супраць COVID-19 па ўсім сьвеце з прычыны «лішку даступных абноўленых вакцын» пасьля пандэміі, паведамляе Reuters.
Заяўка фірмы на адкліканьне вакцыны была зробленая 5 сакавіка і набыла сілу 7 траўня, паведамляе Telegraph. Таксама кампанія заявіла, што спыніць рэгістрацыю вакцыны Vaxzevria ў Эўропе.
«Паколькі з тых часоў было распрацавана некалькі варыянтаў вакцын супраць COVID-19, ёсьць лішак даступных абноўленых вакцын», — заявілі ў кампаніі, дадаўшы, што гэта прывяло да зьніжэньня попыту на Vaxzevria, якая больш не вырабляецца і не пастаўляецца.
Як піша The Telegraph, у канцы красавіка AstraZeneca упершыню афіцыйна прызнала, што яе вакцына супраць каранавірусу можа выклікаць пабочныя эфэкты, уключаючы ўтварэньне тромбаў і паніжэньне ўзроўню трамбацытаў у крыві.
51 чалавек падаў да вытворцы калектыўны пазоў. Яны патрабуюць кампэнсацыі шкоды на 125 млн даляраў. Іхныя адвакаты сьцьвярджаюць, што вакцына AstraZeneca небясьпечная, а яе эфэктыўнасьць перабольшаная.
Упершыню пра пабочны эфэкт ад вакцыны заявіў пацыент у 2021 годзе — у мужчыны пасьля прышчэпкі гэтым прэпаратам утварыўся тромб і адбылося кровазьліцьцё ў мозг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загадка разгаданая? Навукоўцы — аб прычыне тромбаў пасьля вакцынацыі ад COVID-19