Літоўскія мытнікі на памежным пункце Салечнікі (зь беларускага боку Беняконі. – РС) затрымалі два электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 году вытворчасьці.
Як паведаміла мытня Літвы, аўтамабілі коштам больш за 200 тысяч эўра спрабавалі вывезьці ў Беларусь.
«Ёсьць падазрэньне, што гэтыя машыны пазьней плянавалі перавезьці і зарэгістраваць у Расеі», – адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Па факце кантрабанды і парушэньня міжнародных санкцый завялі крымінальную справу. Кіроўцаў затрымалі, але пасьля допыту іх адпусьцілі.
Што папярэднічала
Польшча, Літва і Латвія перасталі прапускаць празь межы зь Беларусьсю люксавыя аўтамабілі, на гандаль якімі з Расеяй наклалі санкцыі.
Журналісты-расьсьледнікі высьветлілі, што сетка беларускіх, расейскіх і эўрапейскіх кампаній у абыход санкцыяў увозіць з Эўропы ў Расею празь Беларусь ня толькі люксавыя аўтамабілі, але і грузавыя.
Паводле папярэдніх зьвестак, пастаўкамі прэміяльных аўтамабіляў заходніх брэндаў зь Беларусі ў Расею займаліся больш за 30 беларускіх кампаніяў.
Цяпер Эўракамісія прапануе ўніфікаваць санкцыі супраць Беларусі з уведзенымі супраць Расеі, каб пазьбегнуць магчымасьці іх абыходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз рыхтуе больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі, але для калію могуць зрабіць выключэньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне завялі справу супраць бізнэсоўца, які празь Беларусь пастаўляў люксавыя аўтамабілі ў абыход санкцый