Агульная колькасьць перасячэньняў літоўска-беларускай мяжы ў гэты пэрыяд скарацілася ў гадавым вымярэньні на 48 працэнтаў (з 659 793 да 341 680).
Па словах канцлера літоўскага ўраду Гедрэ Бальчыціце, рашэньнем аб закрыцьці 1 сакавіка 2024 году пунктаў пропуску Лаварышкі (зь беларускага боку Катлоўка) і Райгорад (Прывалка) Вільня імкнулася вырашыць «дзьве фундамэнтальныя праблемы».
«Рэжым Лукашэнкі неаднаразова дэманстраваў, што літоўскія грамадзяне, якія адпраўляюцца ў Беларусь з розных прычын, ня могуць адчуваць сябе там у бясьпецы, — сказала чыноўніца. — Таму былі прынятыя рашэньні аб абароне нашых грамадзян ад розных правакацый і агрэсіўных дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі. Больш за тое, Беларусь зьяўляецца адным з самых актыўных прыхільнікаў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Мы ня можам дапусьціць, каб Літва стала транзытнай краінай для тавараў падвойнага прызначэньня або якім-небудзь іншым спосабам падсілкоўвала абодва агрэсіўныя рэжымы на Ўсходзе».
На думку канцлера, «значнае скарачэньне людзкіх і транспартных патокаў — гэта ня толькі адлюстраваньне эфэктыўнасьці прынятых мер, але і павышэньне ўзроўню дасьведчанасьці і ўсьведамленьня пагроз сярод грамадзян Літвы».
«Акрамя таго, павелічэньне колькасьці дэзынфармацыйных атак і іншых правакацый з боку беларускага і расейскага рэжымаў таксама сьведчыць аб эфэкце прынятых рашэньняў», — адзначыла Бальчыціце.
Згодна з праведзеным «Позіркам» аналізам зьвестак беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэту, з 1 студзеня па 3 траўня 2023 году Беларусь наведалі 95 898 грамадзян Літвы, а з 1 студзеня па 5 траўня 2024 году — 37 034 грамадзяніны. Зьмяншэньне патоку склала 61,4 працэнта.
- 18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).