Мытня Ўкраіны перадала войску сканфіскаваныя беларускія трактары для будаўніцтва фартыфікацый

Менскі трактарны завод. Ілюстрацыйнае фота

Кіеўская мытня не ўдакладніла назвы кампаніі, у якой сканфіскавалі беларускую тэхніку.

Кіеўская мытня перадала Ўзброеным сілам Украіны чатыры трактары беларускай вытворчасьці, якія сканфіскавалі ў прадпрымальнікаў пры спробе незаконнага ўвозу тэхнікі на ўкраінскую тэрыторыю.

«Кіруючыся прававым рэжымам ваеннага становішча, Кіеўская мытня перадала вайсковым часткам чатыры трактары беларускай вытворчасьці грузапад’ёмнасьцю больш за 3 тоны. Гэтую тэхніку, нягледзячы на санкцыі супраць беларускага трактарнага заводу, прадпрымальнікі спрабавалі незаконна ўвезьці на тэрыторыю Ўкраіны», – адзначаецца ў паведамленьні мытнікаў.

Згодна з паведамленьнем, пры дапамозе гэтай тэхнікі будуць узводзіць фартыфікацыйныя загароды на поўдні Ўкраіны.

Кіеўская мытня не ўдакладніла кампанію, у якой сканфіскавалі беларускую тэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне арыштавалі рахункі і маёмасьць кампаніі, якая ва ўмовах вайны купляла трактары ў Беларусі

Вядома, што ў 2022 годзе ўкраінскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сучасні вантажівки» працягвала пастаўляць ва Ўкраіну прадукцыю Менскага трактарнага заводу (МТЗ). Кіраўнік кампаніі сьцьвярджаў у інтэрвію Свабодзе, што супрацу з МТЗ спынілі, але пасьля расейскага ўварваньня яны працягвалі пастаўляць прадукцыю праз мытную тэрыторыю Польшчы паводле кантрактаў, падпісаных у 2021 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні дылер МТЗ ва Ўкраіне прадаў беларускія трактары ў Грузію, а цяпер ня можа атрымаць за іх грошы

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Адэсе расьсьледуюць набыцьцё беларускай прадукцыі за сродкі бюджэту. Што дагэтуль Украіна купляе зь Беларусі