Новы ўрад Польшчы выканаў патрабаваньні ЭЗ у сфэры свабоднага правасудзьдзя, заявілі ў Брусэлі. У Польшчы больш няма рызыкі сур’ёзных парушэньняў у галіне вяршэнства закону, заявіла Эўракамісія. Пра гэта інфармуе DW.
Эўрапейская камісія спыніць разгляд адносна Польшчы, пачаты больш за шэсьць гадоў таму з прычыны канфлікту ў сувязі з польскай рэформай правасудзьдзя. У Польшчы «больш няма яўнай рызыкі сур’ёзных парушэньняў у галіне вяршэнства закону», заявіла Эўракамісія 6 траўня.
Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен напісала ў сацсетцы X пра пачатак «новай главы для Польшчы». Яна павіншавала польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска і ягоны ўрад «з гэтым важным прарывам». «Гэта вынік упартай работы Польшчы і рашучых намаганьняў па правядзеньні рэформаў», — дадала яна.
- Прапанову Эўракамісіі спыніць працэдуру адносна Польшчы міністры па справах Эўропы краін — сябраў ЭЗ абмяркуюць на сустрэчы ў Люксэмбургу 21 траўня.
- Пасьля гэтага Эўракамісія канчаткова спыніць працэдуру ў адносінах да Польшчы.
- Тады Вугоршчына застанецца адзінай краінай, адносна якой вядзецца працэс па артыкуле 7 Дамовы аб Эўрапейскім Зьвязе.
- У ліпені 2017 году прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў законапраект, прыняты кіруючай партыяй «Права і справядлівасьць» (PiS), які даваў міністру юстыцыі права наймаць і звальняць кіраўнікоў судоў агульнай юрысдыкцыі ў краіне.
- Пляны партыі «Права і справядлівасьць» рэфармаваць судовую сыстэму вывелі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў на вуліцы ў гарадах Польшчы і выклікалі занепакоенасьць у Эўрапейскім Зьвязе і Вашынгтоне.