У акупаваным Бярдзянску падарвалі машыну супрацоўніка калёніі, датычнага да катаваньняў украінскіх палонных

Бердзянск

У акупаваным расейскімі войскамі ўкраінскім горадзе Бярдзянск падарвалі машыну супрацоўніка папраўчай калёніі, ён загінуў. Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт Расеі.

Па вэрсіі сьледзтва, пятага траўня невядомы заклаў самаробнае выбуховае прыстасаваньне пад яго аўтамабіль, дзе яно спрацавала. Ад атрыманых траўмаў супрацоўнік калёніі памёр на месцы здарэньня.

У Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны паведамілі аб «зьнішчэньні» аднаго з арганізатараў «катавальні» на тэрыторыі калёніі № 77 у Бярдзянску Яўгена Ананьеўскага. Па дадзеных выведкі, аўтамабіль Ford Kuga, які належыць мужчыне, узарваўся каля 9:40. «У выніку падрыву зьліквідаваны датычны да катаваньняў украінскіх палонных Яўген Ананьеўскі», — гаворыцца ў паведамленьні Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У трох акупаваных Расеяй украінскіх гарадах прыгучалі выбухі. Загінулі калябаранты, у тым ліку «генпракурор ЛНР»

Аб замаху на чыноўнікаў, якія супрацоўнічаюць з Расеяй на тэрыторыі Ўкраіны, паведамлялася ня раз. Украіна адкрыта на сябе адказнасьці за атакі не бярэ. Некаторыя з прызначаных Расеяй чыноўнікаў загінулі. 16 верасьня 2022 году ў Луганску ў выніку выбуху загінуў «генэральны пракурор» так званай «ЛНР» Сяргей Гарэнка. 26 жніўня мінулага года ў Бярдзянску ад выбуху загінуў прызначаны РФ «намесьнік начальніка гарадзкога ДАІ» Аляксандар Калесьнікаў. Праз тры дні мёртвым знайшлі народнага дэпутата ад партыі «Слуга народа» Аляксея Кавалёва, які падчас вайны перайшоў на бок Расеі і займаў пасаду намесьніка старшыні па сельскай гаспадарцы ў прызначаным Масквой урадзе рэгіёна.

У сакавіку сёлета ў Бярдзянску ў выніку падрыву аўтамабіля загінула сябра ўчастковай выбарчай камісіі, сфармаванай расейскімі ўладамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акупаваным Расеяй Мелітопалі падарвалі кіраўніка акупацыйнай паліцыі