Ціханоўская: Сотні тысяч беларусаў ня могуць вярнуцца дадому і абняць родных на Вялікдзень

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

Вялікдзень — гэта сьвята, якое прынята адзначаць у коле сям’і, аднак «многія беларусы ня могуць быць побач з роднымі ў гэты дзень», сказала 5 траўня лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

«[У гэты дзень] мы чакаем сваякоў у госьці, гуляем у біткі, едзем у свае вёскі да бабуль і дзядуль — есьці самыя смачныя ва ўсім сьвеце паскі», — сказала палітык у відэа, апублікаваным у яе тэлеграм-канале.

У гэты ж час, адзначыла яна, «нявінныя людзі сядзяць у турмах, падвяргаюцца перасьледам і катаваньням», «сотні тысяч беларусаў вымушаныя жыць у розных краінах — без магчымасьці вярнуцца дадому, каб абняць родных на Вялікдзень».

«Мы з вамі праходзім праз час выпрабаваньняў. Давайце не забываць, што Ісус Хрыстос таксама пакутаваў за праўду. <...>. Наша сіла — у сьвятле і веры, якую мы нясем праз цемру нягледзячы ні на што. У падтрымцы, якую даем тым, каму цяжка. Наша сіла — дабрыня і спагадлівасьць, і ніхто і ніколі не зможа іх у нас адабраць», — падкрэсьліла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка, які працягвае масавыя рэпрэсіі, заявіў на Вялікдзень пра «вечныя ідэалы дараваньня»

Праваслаўныя вернікі 5 траўня адзначаюць найстаражытнейшае і найважнейшае хрысьціянскае сьвята — Уваскрасеньне Хрыстова, або Вялікдзень.

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысьціянскай канфэсіяй. Расейская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасьць вернікаў у чатыры мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі налічвае 1.737 прыходаў у 15 эпархіях, адкрыта 1.878 храмаў, на этапе будаўніцтва — 147.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстантынопальскі патрыярх на Вялікдзень заклікаў да абмену палоннымі паміж Украінай і Расеяй згодна з прынцыпам «усіх на ўсіх»