Беларуска Вольга Сурынава, якая жыве ў Італіі, стала кандыдаткай на выбарах у Эўрапарлямэнт ад італьянскай партыі Più Europa. Яна паабяцала прасоўваць тэму Беларусі падчас выбарчай кампаніі, паведамляе Народная амбасада Беларусі ў Італіі.
Вольга Сурынава прыняла запрашэньне лібэральнай праэўрапейскай італьянскай партыі Più Europa вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах у Эўрапарлямэнт і стала афіцыйнай кандыдаткай ад цэнтральнай Італіі (рэгіёны Лацыё, Таскана, Умбрыя, Марке).
Вольга ўжо ня першы год займаецца беларускім пытаньнем і мае намер прасоўваць беларускі парадак дня ў межах выбарчай кампаніі.
«Я беларуска па паходжаньні, я родам з краіны, якая і сёньня мусіць змагацца, каб стаць на шлях дэмакратыі і свабоды. На эўрапейскі шлях. Усьведамленьне таго, што я жыву ў дэмакратычнай краіне, прымушае мяне адчуваць сябе ня толькі шчасьліўчыкам. Гэта таксама азначае для мяне вялікую адказнасьць», — напісала Вольга ў Фэйсбуку.
Яна адзначыла, што «дэмакратыя не перамагаецца раз і назаўжды, але яе трэба абараняць і падтрымліваць кожны дзень» і паабяцала, што будзе весьці гэтую выбарчую кампанію «ад імя многіх беларусаў, якія мараць, будуюць і змагаюцца за свабодную, дэмакратычную, незалежную Беларусь», якая, паводле яе перакананьня, «некалі стане часткай эўрапейскай сям’і».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Польшчы: беларускія і расейскія спэцслужбы актывізавалі спробы ўмяшаньня ў выбары ў ЭўрапарлямэнтВыбары ў Эўрапарлямэнт пройдуць з 6 па 9 чэрвеня 2024 году — у 27 краінах абяруць 720 дэпутатаў, якія потым вызначаць склад ключавых органаў ЭЗ.
Кожная дзяржава Эўразьвязу ўтварае адну ці некалькі выбарчых акруг, у бюлетэнях для галасаваньня прадстаўленыя нацыянальныя партыі — на ўзроўні ЭЗ яны аб’ядноўваюцца ў Эўрапейскія палітычныя партыі, якія пасьля ўтвараюць фракцыі Эўрапарлямэнту і вызначаюць галоўных кандыдатаў на выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар беларускага ліцэю ў Гайнаўцы стаў дэпутатам Падляскага сэйміку ў Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён быў настаўнікам у беларускай школе». Хто зь вядомых замежных палітыкаў мае сувязі зь Беларусьсю