«Банк РРБ» увёў камісію ў памеры 3 рублі за правядзеньне плацяжу ў сыстэме АРІП. Грошы ня будуць спаганяцца з апэрацый па выплаце падаткаў, збораў, іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт, а таксама пры пералічэньні грошай на рахункі 3603 і 3642 групы 36 «Бюджэтныя і іншыя дзяржаўныя сродкі».
«БНБ-Банк» 6 траўня ўводзіць камісію ў памеры 1% сумы за залічэньне дывідэндаў, якія паступілі зь іншых банкаў Беларусі, на бягучыя рахункі бяз карткі, якія належаць фізычнай асобе. Банк таксама прыпыняе афармленьне новых картак у рамках прадукту «Карта заснавальніка».
Банк «ВТБ (Беларусь)» з 1 чэрвеня ўсталёўвае камісію для розьнічных кліентаў за штомесячнае вядзеньне бягучых рахункаў у эўра і далярах зь нерухомым астаткам. Плата складзе 5 эўра ці даляраў у эквіваленце і будзе спаганяцца з трэцяга каляндарнага месяца ў выпадку адсутнасьці руху сродкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя стаўкі па крэдытах, улік аўтамабіляў, выбары ў Каардынацыйную раду, баўгарскія візы. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 траўня«Сбер Банк» унёс зьмены ва ўмовы аўтаматычнага падаўжэньня картак, тэрмін дзеяньня якіх заканчваецца пасьля 30 красавіка (абазначэньне на карце з 04/24). Не падлягаюць аўтаматычнаму падаўжэньню карткі, па якіх адсутнічалі апэрацыі за апошнія паўгода. З 1 чэрвеня будзе спынена аўтаматычнае падаўжэньне ўсіх пэнсійных картак, тэрмін дзеяньня якіх заканчваецца 31 траўня і пазьней (абазначэньне на карце з 05/24).
«Беларусбанк» прыпыніў адкрыцьцё тэрміновых банкаўскіх укладаў у расейскіх рублях з тэрмінамі захоўваньня 13/18/24/36 месяцаў, а таксама ўкладу «Дзіцячы». Папаўненьне такіх тэрміновых банкаўскіх укладаў, адкрытых да 28 красавіка, не спыняецца і ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з умовамі дагавораў.
На 1 сакавіка 2024 года ў Беларусі зарэгістраваныя 22 банкі.
Адзін зь іх, «Дэльта Банк», цяпер у стадыі банкруцтва.