Беларускія спартоўцы атрымалі 20 ліцэнзій на ўдзел у Алімпіядзе

Ілюстрацыйнае фота.

Беларускія спартоўцы атрымалі 20 ліцэнзій для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 году, паведаміў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці (БФСС).

6 з 20 ліцэнзій атрымана ў вольнай барацьбе, іх заваявалі Арыян Цютрын, Магамет Кадымагамедаў, Аляксандар Гуштын, Дзяніс Храмянкоў, Ірына Курачкіна і Ванэса Каладзінская, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

У спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы выступяць Сюзана Валадзько, Яўген Ціханцоў і Эдуард Зязюлін; па плаваньні — Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай і Аліна Змушка; па скачках на батуце — Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская; па акадэмічным веславаньні — Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч; па грэка-рымскай барацьбе — Абубакар Хаслаханаў; па кулявой стральбе — Уладзіслаў Дземеш; па тхэквандо — Георгі Гурцыеў. Адна ліцэнзія без імя атрыманая ў веласпорце.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці адзначае, што 10 чэрвеня пройдзе кваліфікацыя ў тэнісе.

19 сакавіка дырэктар дэпартамэнту Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) па сувязях з нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі Джэймз Маклеад паведаміў, што да ўдзелу ў Алімпіядзе дапушчана 7 беларускіх спартоўцаў. Тады ж ён адзначыў, што прагназуе павелічэньне іх колькасьці да 22, а максымальная колькасьць можа скласьці 28, але гэта «малаверагодна».

Маклеад таксама паведаміў, што спартоўцы зь Беларусі і Расеі ня змогуць узяць удзел у цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў, але «ім будзе прадастаўленая магчымасьць перажыць гэтую падзею [у якасьці гледачоў]». «Гэта той жа сцэнар, які выкарыстоўваўся для незалежных удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Барсэлёне 1992 году з былой Югаславіі», — сказаў прадстаўнік МАК.

Вынікі беларусаў і расейцаў, дадаў ён, ня будуць адлюстроўвацца ў агульным мэдалёвым заліку Алімпіяды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Едзеш туды — набі ім морду». Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра ўдзел беларусаў у Алімпіядзе ў нэўтральным статусе

У выпадку перамогі прадстаўнікоў дзьвюх краін у Парыжы будзе ўзьняты зацьверджаны МАК для такіх выпадкаў сьцяг у суправаджэньні спэцыяльнага гімна (без слоў), падкрэсьліў алімпійскі чыноўнік.

28 лютага 2022 года, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартыўныя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі праз яго пашпарт».

28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям у відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

8 сьнежня 2023 года МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў з Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нэўтральным статусе. З прычыны блізкасьці летняй Алімпіяды шэраг адпаведных фэдэрацый дапусьціў беларусаў і расейцаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне распрацавалі правілы паводзінаў з спартоўцамі зь Беларусі і Расеі на Алімпіядзе ў Парыжы