Група беларускіх хакераў «Кібэрпартызаны» заявілі аб правядзеньні другой за месяц атакі на прадпрыемства «Гродна Азот».
«У часе першай атакі на сетку „Гродна Азот“ заклалі вірусы, якія спрацоўваюць па раскладзе. Учора адпрацавала першая сэрыя такіх „закладак“, якая павінны выдаліць дадзеныя ў многіх сотнях пэрсанальных кампутараў супрацоўнікаў, дакумэнтазварот, дамэн-кантролеры і іншыя сэрвэры», — адзначаецца ў паведамленьні «Кібэрпартызанаў».
Паводле беларускіх хакераў, «на прадпрыемстве паніка». «Дыспэтчар даў загад тэрмінова выключыць кампутары на ўсім прадпрыемстве. Пазнавата», — паведамілі яны.
Беларускія хакеры падкрэсьлілі, што пры выкананьні патрабаваньняў аб вызваленьні палітвязьняў «усе закладкі нэўтралізуюць і выдаляць».
«Наша мэта зрабіць, каб гэтыя палітзэкі сталі самымі дарагімі ў сьвеце для менскай хунты», — заявілі ў групе беларускіх хакераў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» заявілі, што правялі атаку на «Гродна Азот»Першая атака на «Гродна Азот» адбылася 17 красавіка.
- «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, якая зьявілася ў верасьні 2020 году.
- Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
- Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
- Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
- «Кібэрпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднаньню беларускіх сілавікоў ВуРol у правядзеньні расьсьледаваньняў.
- Таксама «Кібэрпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне правяраць новых добраахвотнікаў.
Супраць горадзенскага прадпрыемства ўведзены санкцыі Эўразьвязу. У Брусэлі лічаць, што «Гродна Азот» нясе і адказнасьць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, бо на заводзе звальнялі і запалохвалі супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах і страйку.
Аднак санкцыі ўдаецца абыходзіць. Раней Чэскі цэнтар расьсьледніцкай журналістыкі высьветліў, што ў Чэхію і Польшчу дастаўляюць карбамід, выраблены хімічным шляхам на прадпрыемстве «Гродна Азот».
«Гродна Азот» — адзіны вытворца карбаміду ў Беларусі. Эўразьвяз разам з Канадай, Злучанымі Штатамі, Вялікай Брытаніяй, а потым і Швайцарыяй увялі санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемства яшчэ ў 2021 годзе з прычыны «працягу парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабодаў на тэрыторыі Беларусі».
Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнцкія выбары ў краіне чарговы раз прызналі сфальшаванымі на карысьць нязьменнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паехала да былога мужа па алімэнты, а пасадзілі за шпіянаж». Гісторыя яшчэ адной украінкі, якую асудзілі ў Беларусі