Нацыянальны алімпійскі камітэт і Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны распрацавалі рэкамэндацыі для сваіх атлетаў наконт кантактаў зь беларускімі і расейскімі спартоўцамі на Алімпійскіх гульнях у Парыжы.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны, украінскім спартоўцам рэкамэндуюць пазьбягаць прамых кантактаў зь беларусамі і расейцамі, паведамляць кіраўнікам сваёй дэлегацыі ў выпадку спробаў правакацый з боку расейскіх ці беларускіх спартоўцаў.
Апроч таго, ведамствы рэкамэндуюць не фатаграфавацца зь беларусамі і расейцамі, а на цырымоніях узнагароджваньня трымацца на магчымай адлегласьці ад іх, калі гэта не зьяўляецца абавязковым патрабаваньнем пры правядзеньні спаборніцтваў, ня ўдзельнічаць у агульных прэсавых канфэрэнцыях, жывых этэрах, інтэрвію ці рэклямных акцыях з удзелам спартоўцаў зь Беларусі і Расеі.
Украінскім спартоўцам, якія зьяўляюцца вайскоўцамі ці супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў ці іншых вайсковых фармаваньняў, рэкамэндуюць дадаткова выконваць адпаведныя рэкамэндацыі сваіх ведамстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Едзеш туды — набі ім морду». Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра ўдзел беларусаў у Алімпіядзе ў нэўтральным статусеУ сьнежні 2023 году МАК пастанавіў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць выступаць на Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным сьцягам, і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.
У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек. Што тычыцца беларусаў, то ў іх ужо ёсьць 20 ліцэнзій.
Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства спорту і НАК Украіны заклікаюць адхіліць спартоўцаў з Расеі і Беларусі ад Алімпіяды за падтрымку вайны