У Лідзкім раёне беларусаў, асуджаных на адміністрацыйныя арышты, адправілі прыбіраць камяні з палёў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Лідзкім раёне да прыбіраньня камянёў з палёў прыцягнулі беларусаў, якія адбываюць адміністратыўныя арышты. На ролік зьвярнула ўвагу выданьне Reform.news.

У сюжэце «Ліда ТБ» заявілі, што ўтрыманьне аднаго арыштаванага ў ізалятары часовага ўтрыманьня абыходзіцца ў 20 беларускіх рублёў, таму людзей прыцягваюць да «грамадзка карысных работ», каб яны маглі пакрыць выдаткі на іх утрыманьне.

Працуюць асуджаныя на сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Вáверка-агра» з 8-й раніцы да 5-й вечара.

«Такую ж працу будзем практыкаваць у далейшым», — сказаў намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкаму Аляксандар Часнойць.

Сёлета Аляксандр Лукашэнка зьвярнуў увагу на камяні на палях. Пасьля гэтага чыноўнікі пачалі справаздачыцца, як з палёў прыбіраюць камяні: на іх прыбіраньне вывелі студэнтаў, вайскоўцаў, бюджэтнікаў і нават хакеістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці і Менску асуджаных на «хатнюю хімію» адпраўляюць прыбіраць сьнег