1 траўня ў МУС Грузіі намесьнік міністра Аляксандар Дарахвэлідзэ перадаў грамадзкасьці інфармацыю аб затрыманых і пацярпелых падчас масавай акцыі пратэсту, якая прайшла ў ноч на 30 красавіка. Паводле Дарахвэлідзэ, падчас акцыі пратэсту супраць закону аб «замежных агентах» паліцыя затрымала 63 грамадзяніны, 6 супрацоўнікаў праваахоўных органаў атрымалі раненьні.
«Грамадзтва выразна ўбачыла, што акцыя ў поўнай меры набыла гвалтоўны характар. Мы ўсе добра бачылі, як мітынгоўцы супрацьстаялі міліцыянтам, яны іх лаялі. Яны кідалі ў бок праваахоўнікаў розныя цяжкія прадметы, камяні і бутэлькі. У выніку гвалтоўных дзеяньняў 6 паліцыянтаў атрымалі раненьні і былі дастаўлены ў мэдычныя ўстановы для аказаньня мэдыцынскай дапамогі», — сказаў Дарахвэлідзэ.
У дачыненьні затрыманых рэгіструюць адміністрацыйныя парушэньні, такія як дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, піша Грузінская служба Радыё Свабода.
Намесьнік міністра нічога не сказаў, аднак, пра пацярпелых грамадзян — падчас акцыі 30 красавіка, дзе міліцыянты інтэнсіўна ўжывалі спэцсродкі (пярцовы і сьлёзацечны газ, вадамёты) і фізычна ўзьдзейнічалі на ўдзельнікаў акцыі. Вядома, што палітыкі Алека Елісашвілі і Леван Хабэішвілі былі моцна пабітыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі пратэсты супраць закону «аб замежных агентах». Спэцназ ужыў пярцовы газАкцыя, якая прайшла каля будынку парлямэнту, ня ўпісвалася ў рамкі мірнай акцыі пратэсту, а грамадзяне ноччу штучна перакрывалі рух на розных вуліцах.
Напярэдадні законапраект «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» вынесьлі на разгляд пленарнай сэсіі парлямэнту Грузіі ў другім чытаньні. Лідэр парлямэнцкай большасьці Мамука Мдынарадзэ заявіў, што яго абмеркаваньне можа працягнуцца некалькі дзён.
29 красавіка ў Тбілісі прайшоў мітынг «Грузінскай мары». Падчас выступу ганаровы старшыня кіроўнай партыі казаў пра «партыю глябальнай вайны», «крывавы рэжым» Міхеіла Саакашвілі і неабходнасьць прыняць закон аб «замежных агентах», а бліжэй да канца выступу паабяцаў, што Грузія ўступіць у ЭЗ у 2030 годзе.
Партнэры Грузіі сьцьвярджаюць, што гэты законапраект, калі ён стане законам, будзе перашкаджаць эўраінтэграцыі краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Грузіі адмовіўся сустракацца з удзельнікамі акцыі пратэсту супраць закону «аб іншаземных агентах»