Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зьмены ў заканадаўства, якія звужаюць магчымасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, накіраваныя на навядзеньне парадку ў прадпрымальніцкай дзейнасьці.
«Мы там парадак навялі. Рашэньні ўхвалілі адпаведныя — іпэшнікам ты будзеш тады, калі трапіш у сьпіс гэтых іпэшнікаў, гэта значыць [будзеш выконваць] той від работ, які будзе дазволены ІП. А то ў нас усе сталі іпэшнікамі і працаваць няма каму. Парадак варта навесьці. Гэта не азначае, што мы ўсіх загонім у стойла. Не. Але павінен быць парадак», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Што папярэднічала
Сёлета ў сакавіку Нацыянальны сход Беларусі ўхваліў праект закону «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці», а Лукашэнка яго падпісаў.
Закон прадугледжвае абмежаваньне відаў дзейнасьці, якімі могуць займацца прадпрымальнікі. Тыя, хто ня трапіць пад новыя стандарты ІП, будуць вымушаныя перайсьці ў статус юрыдычнай асобы ці закрыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абмяжуюць рэгістрацыю новых ІП у некаторых відах дзейнасьці, ухвалілі законапраектДакумэнт замацаваў «новыя падыходы да рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці» і вызначыў новую тыпалёгію бізнэсу, якая будзе складацца зь дзьвюх катэгорый:
- юрыдычныя асобы, якія падзяляюцца на малыя (з колькасьцю да 100 работнікаў), сярэднія (да 250 чалавек) і буйныя (звыш 250 чалавек) камэрцыйныя арганізацыі;
- фізычныя асобы, якія будуць мець права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў якасьці рамесьніка, уладальніка аграэкасядзібы, індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама самастойна весьці прафэсійную дзейнасьць.
Закон абмяжоўвае віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік будзе вызначаць урад, «зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасьці» (у чэрвені 2023 году чыноўнікі абмяркоўвалі, якім можа быць гэты сьпіс: тады з дазволеных для ІП дзейнасьцяў папярэдне прыбралі юрыдычныя паслугі, онлайн-курсы, навучаньне, гуртовы гандаль, турыстычныя паслугі і інш.).
У пачатку красавіка ў Саюзе прадпрымальнікаў Беларусі заявілі, што праз такія зьмены дзясяткі тысяч ІП могуць страціць працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз прадпрымальнікаў аб новым законапраекце: дзясяткі тысяч ІП могуць страціць працу