Сілавікі затрымалі непаўналетніх за падрыхтоўку тэрактаў і «здраду радзіме»
На дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 красавіка выйшаў прапагандысцкі фільм «Дети на прицеле. Завербованные врагом», дзе паведамілі пра затрыманьне сямі падлеткаў за «супрацоўніцтва з украінскімі спэцслужбамі». Некаторых зь іх абвінавачваюць у «акце тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве».
У фільме расказалі, што шасьцёра падлеткаў нібыта аб’ядналіся ў «анархісцкую ячэйку „Чорныя салаўі“», якую «пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Ўкраіны» стварыла 16-гадовая грамадзянка Ўкраіны Марыя Місюк.
Сярод затрыманых — навучэнцы каледжаў у Баранавічах, Нясьвіжы, Міры, Менску і Лунінцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 красавіка: на Гомельшчыне за падпіскі затрымалі чатырох чалавек; у Фаніпалі затрымалі ўдзельніцу пратэстаўУ Беларусі працягваецца перасьлед нязгодных за камэнтары ў сацсетках і ахвяраваньні непажаданым для ўладаў арганізацыям.
Так, стала вядома пра затрыманьне за данат «Стране для жизни».
На відэа, якое запісалі сілавікі, затрыманы кажа, што зрабіў ахвяраваньне на карысьць праекту «Страна для жизни», а таксама пісаў камэнтары пра міліцыянтаў.
Як завуць чалавека і што яму пагражае цяпер, невядома.
Інфармацыю пра затрыманьне на каналах сілавікоў заўважылі праваабаронцы «Вясны».
Інжынэра «Менскэнэрга» асудзілі да 9 гадоў калёніі за «зьліў» зьвестак пра чыноўнікаў
Праваабаронцы даведаліся, што ў Менскім гарадзкім судзе 12 красавіка агучылі прысуд 44-гадоваму палітзьняволенаму інжынэру «Менскэнэрга» Артуру Пядзько — дзевяць гадоў калёніі, паведамляе ініцыятыва Dissidentby. Судзьдзя Сяргей Хрыпач прызнаў яго вінаватым паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (дапамога ў распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці, зьдзейсьненай групай асобаў).
Таксама паведамляецца, што Артур Пядзько мусіць сплаціць пазовы агульнай сумай больш за 100 тысяч даляраў.
Мужчыну абвінавацілі ў перадачы пэрсанальных зьвестак больш за 500 службовых асобаў тэлеграм-каналам. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Пад вартай Пядзько знаходзіцца з 23 лістапада 2022 году.
На рахунку судзьдзі Хрыпача сама меней 43 «палітычныя» прысуды пасьля падзеяў 2020 году. Так, менавіта гэты судзьдзя прызначыў тры гады зьняволеньня за данаты палітвязьня Вадзіма Храсько, які памёр 9 студзеня 2024 у калёніі.
У Менску сілавікі затрымалі тату-майстра
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым менскім тату-майстрам. На камэру мужчына кажа, што ў яго на целе ёсьць некалькі «пратэставых» татуіровак, якія ён абяцае зьвесьці пасьля таго, як «адбудзе пакараньне».
У відэа сілавікоў затрыманы называе сябе «прыхільнікам нацызму і нэанацызму», кажа, што публікаваў у сацыяльных сетках фота свастыкі і Адольфа Гітлера, а таксама ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году.
Як даведалася «Медиазона», у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» затрыманы мянчук падпісаны як Андрэй Лысы. Ці сапраўднае гэта прозьвішча, невядома.
Па якім артыкуле затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 красавіка: затрыманьні ў Лідзе, Менску і Баранавічах. Сярод затрыманых былы палітвязень