Улады Беларусі «ўсімі сіламі спрабуюць запалохаць і прымусіць замаўчаць журналістаў і СМІ», так Фэдэральнае міністэрства замежных спраў Нямеччыны адрэагавала на прызнаньне 29 красавіка беларускай рэдакцыі нямецкай медыякампаніі Deutsche Welle «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Гэты факт нямецкае зьнешнепалітычнае ведамства назвала «яшчэ адным кавалачкам мазаікі ў арсэнале рэпрэсій [рэжыму Аляксандра] Лукашэнкі». «Праўду нельга забараніць», — падкрэсьлілі ў МЗС ФРГ, піша Позірк.
Прэс-сакратар МЗС Сэбасцьян Фішэр на прэс-канфэрэнцыі ў той жа дзень назваў рашэньне беларускіх уладаў адносна «DW Беларусь» «неабгрунтаваным і няправільным». Адзначыўшы ў той жа час, што «гаворка ідзе аб пазбаўленьні беларускага народа магчымасьці атрымліваць незалежную інфармацыю», прадстаўнік ведамства прызнаў, што гэта «адпавядае дзеяньням рэжыму, які вельмі абмежаваў мэдыйную прастору». «Мы асудзілі гэта», — сказаў Фішэр.
«Мы самым рашучым чынам асуджаем рашэньне беларускага МУС. Абвінавачаньні зьяўляюцца беспадстаўнымі і не адпавядаюць рэальнай працы нашай беларускай рэдакцыі», — заявіў гэндырэктар DW Пэтэр Лімбург наконт рашэньня беларускіх уладаў прызнаць «экстрэмісцкім фармаваньнем» рэдакцыю «DW Беларусь».
29 красавіка МУС Беларусі прызнала «DW Беларусь» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ведамства заявіла пра нібыта «замах на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Беларусі, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб» з боку гэтага СМІ.
Па словах Пэтэра Лімбурга, такое рашэньне дэманструе страх Менску перад свабоднымі журналістамі.
«Рэжым у Беларусі баіцца незалежных СМІ і робіць усё магчымае, каб пазбавіць беларусаў доступу да свабоднай інфармацыі», — адзначыў Лімбург.
Ён падкрэсьліў, што журналістаў мэдыякампаніі Deutsche Welle не запалохае новае рашэньне ўладаў у Менску.
«Для нас гэта забарона зьяўляецца заклікам працаваць яшчэ больш старанна», — дадаў ён.
- У сакавіку 2022 году МУС Беларусі аб’явіў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт Deutsche Welle ў Беларусі.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.