У Польшчы асудзілі двух беларусаў за «шпіянаж на карысьць беларускай вайсковай выведкі»

Суд у Любліне. Ілюстрацыйнае фота

Акруговы суд у Познані 29 красавіка вынес прысуд па справе двух беларускіх грамадзян, якіх абвінавачвалі ў шпіёнскай дзейнасьці. Андрэя Р. асудзілі на 3 гады зьняволеньня, а Дзьмітрыя Н. апраўдалі, паведамляе WNP.pl

Андрэя Р. і Дзьмітрыя Н. абвінавацілі ў тым, што ў пэрыяд з 6 сакавіка па 4 красавіка 2022 году ў Познані, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена, бралі ўдзел у дзейнасьці зьнешняй выведкі Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, накіраванай супраць Рэспублікі Польшча.

Мужчынам ставілася ў віну зьбіраньне зьвестак пра вайсковыя і цывільныя аб’екты, якія маюць крытычнае значэньне для абароны Польшчы.

У выніку Андрэю Р. прысудзілі 3 гады зьняволеньня (такі прысуд у гэтай справе, паводле слоў судзьдзі, — «мяккі»).

«Гэтае пакараньне адэкватнае ступені грамадзкай шкоднасьці», — зазначыла судзьдзя.

Суд таксама пастанавіў, каб частка прысуду, якая тычыцца гэтага падсуднага, была апублікаваная ў адным з галоўных незалежных выданьняў краіны «Gazeta Wyborcza».

Дзьмітрыя Н. у інкрымінаваным яму злачынстве апраўдалі, пракурор не даказаў зробленага ім злачынства. Судзьдзя падкрэсьліла, што абвінавачаньне супраць Дзьмітрыя Н. грунтуецца пераважна на ўскосных доказах, здагадках і трактоўках, а не на доказах у строгім сэнсе.

Дзьмітрый Н., які правёў у СІЗА каля месяца, не хаваў эмоцый пасьля апраўдальнага прысуду. (Яму таксама скасавалі меры стрыманьня ў выглядзе паліцэйскага нагляду і забарону на выезд).

Пакінуўшы залю суду, Дзьмітрый Н. падзякаваў свайму абаронцу. Прысутным у судзе журналістам ён заявіў, што цяпер хацеў бы нарэшце паехаць дадому і сустрэцца са сваёй сямʼёй.

  • Суд над абвінавачанымі праходзіў у судзе Познані, за зачыненымі дзьвярыма, з кастрычніка мінулага года.
  • Судзьдзя ў публічнай частцы вуснага абгрунтаваньня прысуду падкрэсьліла, што «гэта справа нялёгкая». «Спэцыфіка прадʼяўленага фігурантам абвінавачаньня ва ўдзеле ў дзейнасьці замежнай выведкі запатрабавала правядзеньня шэрагу аператыўна-выведных мерапрыемстваў, якія па сваім характары зьяўляюцца засакрэчанымі, не афармляюцца пратаколам...» — сказала яна.
  • Як раней паведамляла Нацпракуратура, мужчын затрымалі ў красавіку 2022 году. Высновы сьледчых паказалі, што яны прыехалі ў Польшчу на падставе працаўладкаваньня на аплатную працу кіроўцамі. «На падставе сабраных Службай вайсковай контравыведкі матэрыялаў, сабраных у ходзе пракурорскага расьсьледаваньня, устаноўлена, што пад выглядам працаўладкаваньня ў Польшчы яны бралі ўдзел у дзейнасьці беларускай вайсковай выведкі. Мужчыны здабылі і сабралі інфармацыю пра Ўзброеныя сілы Рэспублікі Польшча і абʼекты інфраструктуры, якія маюць крытычнае значэньне для абароны краіны», — паведаміла ў чэрвені Нацпракуратура Польшчы.
  • Шпіёнская дзейнасьць абвінавачаных, як зазначыла ведамства, была сканцэнтраваная на вйасковых часьцях і цывільных абʼектах, разьмешчаных у заходняй частцы Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы на чатыры гады зьняволеньня за шпіянаж на карысьць Расеі асудзілі беларуса
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Польшчай і Расеяй шпіёнскі скандал, да якога можа быць датычнай і Беларусь