26 красавіка Рэспубліканская грамадзкая назіральная камісія наведала папраўчую калёнію № 24 у Зарэччы, дзе ўтрымліваюцца жанчыны, якія раней адбывалі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, піша reform.news.
Прадстаўнікі камісіі азнаёміліся з умовамі побыту асуджаных, арганізацыяй іх вольнага часу, умовамі арганізацыі працоўнай дзейнасьці, мэдыка-санітарнага забесьпячэньня, правялі гутаркі і анкетаваньне асуджаных.
Камісія заявіла, што ўмовы ў калёніі адпавядаюць нормам, а з асуджаных ніхто ня скардзіўся.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у папраўчай калёніі № 24 утрымліваюцца чатыры палітвязьні — Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша, Алена Гнаўк, Алена Маўшук.
- Адвакату Паліны Шарэнды-Панасюк 15 красавіка не дазволілі сустрэцца з падабароннай, паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда.
- 22 сакавіка стала вядома, што Шарэнда-Панасюк зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1».
- Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын ААН заклікаў Беларусь зрабіць тэрміновыя захады дзеля абароны Паліны Шарэнды-Панасюк.