Прэс-служба Сахашчыка на запыт «Позірку» не адказала. Разам з тым 26 красавіка тэлеканал «Белсат» паведаміў, што палітык пацьвердзіў сапраўднасьць ліста, аднак «вельмі прасіў яго не публікаваць» і ад далейшых камэнтароў адмовіўся.
У дакумэнце з пазнакай «сакрэтна», складзеным ад імя Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі АПК, які ўзначальвае Сахашчык, гаворыцца, што «па закрытых каналах ад партнэраў паступіла апэратыўная інфармацыя пра факт падрыхтоўкі акта агрэсіі ў дачыненьні да аб’екта крытычнай энэргетычнай інфраструктуры Рэспублікі Беларусь».
У якасьці выканаўцаў называецца «група асоб зь ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі краін ЭЗ», якая нібыта «афіліявана з адным з вайскова-патрыятычных клюбаў беларускіх апазыцыйных ініцыятыў у Польшчы і Літве, а менавіта „Паспалітае Рушэньне“ (Польшча), „Ліцьвіны“ (Літва)»:
«З улікам вышэйпералічанага мы вымушаныя паведаміць адрасатам гэтага ліста пра нэгатыўныя наступствы дадзенай акцыі як для яе арганізатараў, так і для непасрэдных выканаўцаў.
У выпадку спробы рэалізацыі падобнай акцыі гэтыя наступствы будуць мець непазьбежны і няўхільны характар, у сілу дзеяньняў, якія будуць неадкладна прадпрынятыя краінамі ЭЗ і Ўкраінай», — гаварылася ў дакумэнце.
Прэс-служба «Ліцьвінаў» раней паведаміла «Белсату», што «клюб зьяўляецца афіцыйнай недзяржаўнай арганізацыяй і супрацьпраўных дзеяньняў не дапускае».
Прэс-служба «Паспалітага рушэньня» (ПР) заявіла, што атрымала гэты ліст «ад сяброў». Штаб ініцыятывы запрасіў у ДНБ дадатковую інфармацыю, «каб паспрабаваць ідэнтыфікаваць магчымых зламысьнікаў, але адказаў не было са спасылкай на сакрэтнасьць».
«З боку спэцслужбаў Польшчы да нас не паступала запыту на прадстаўленьне інфармацыі, выкладзенай у дакумэнце ад імя ДНБ. Пасьля ўнутранай праверкі было прынятае рашэньне, што гэта правакацыя ў дачыненьні да «Паспалітага рушэньня», — адзначыла прэс-служба ПР.
- На Ўсебеларускім народным сходзе 25 красавіка старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што спэцслужба нібыта прадухіліла ўдары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Менску і навакольлі. Літоўскі сілавы блёк назваў гэта дэзынфармацыяй, МЗС уручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю дыпляматычную ноту з патрабаваньнем «неадкладна абвергнуць дэзынфармацыю».