У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі аб разблякаваньні руху на польска-ўкраінскай мяжы для грузавога транспарту.
«Польскія фэрмэры спынілі блякаваньне руху грузавых транспартных захадаў», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскіх памежнікаў.
Паводле іх, афармленьне і пропуск празь мяжу ў двух кірунках ажыцьцяўляецца ў звычайным рэжыме.
У той жа час памежнікі падкрэсьлілі, што грузавікі з збожжам змогуць уяжджаць на тэрыторыю Польшчы толькі ў рэжыму транзыту.
У Міністэрстве аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны ўдакладнілі, што рух разблякавалі на ўсіх пунктах пропуску.
Цяпер Украіна і Польшча дамовіліся штомесяц абменьвацца інфармацыяй аб аб’ёмах транзыту сельскагаспадарчай прадукцыі, каб кантраляваць сытуацыю. Наступная сустрэча кіраўнікоў аграрных ведамстваў Украіны і Польшчы адбудзецца 7 траўня.
Што папярэднічала
З восені 2023 году з польскага боку пэрыядычна блякуюць рух праз пункты пропуску на мяжы з Украінай.
Спачатку рух спынілі польскія перавозчыкі, якія патрабавалі аднавіць дазволы, скасаваныя для ўкраінскіх перавозчыкаў пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году. Ва ўмовах закрытай паветранай прасторы і марскіх шляхоў сухапутная мяжа стала адзіным шляхам, празь які Ўкраіна атрымлівае вайсковую дапамогу з Захаду — тэхніку, зброю і снарады.
Адметна, што тады польскія перавозчыкі блякавалі рух ня толькі на вываз прадукцыі з Украіны, а і на ўвоз ва Ўкраіну. Для высьвятленьня сытуацыі ў Польшчу выяжджала нават дэлегацыя зь Літвы, занепакоеная тым, што іхная дапамога не даходзіць да ўкраінскага фронту. У канцы сьнежня 2023 году сытуацыю ўдалося ўрэгуляваць і разблякаваць, хоць яе намагаліся пашырыць і на межы Ўкраіны зь іншымі краінамі Эўразьвязу — Славаччынай і Румыніяй. Чакаючы магчымасьці перасекчы мяжу, у чэргах памерлі некалькі ўкраінскіх кіроўцаў.
У пачатку 2024 году польскія фэрмэры пачалі блякаваць трасы, якія вядуць да ўкраінскай мяжы. Галоўнае патрабаваньне — спыніць увоз украінскага збожжа і адначасова скасаваць экалягічныя і кліматычныя абмежаваньні, уведзеныя ў межах Эўразьвязу. І калі перавозчыкі-пратэстоўцы спынялі толькі грузавы транспарт, фэрмэры пачалі блякаваць пасажырскія аўтобусы і чыгуначны транспарт. Галоўнай зброяй стала збожжа — яго высыпалі проста на дарогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блякаваньне руху на мяжы Польшчы і Ўкраіны. Што адбываецца і каму гэта выгадна