«Расея гасіць сыгналы GPS у раёне Балтыкі. Сытуацыя неспакойная». Эстонія, Латвія і Літва выступілі з супольнай заявай

Ілюстрацыйнае фота

Перашкоды працы авіяцыі ў раёне Балтыйскага мора застаюцца вялікай праблемай, і краіны Балтыі заклікаюць не ігнараваць гэтую інфармацыю, а рабіць захады.

Кіраўнікі МЗС Эстоніі, Літвы і Латвіі абвінавацілі Расею ў тым, што яна перашкаджае сыстэме GPS паблізу Калінінградзкай вобласьці ў раёне Балтыйскага мора.

«Сытуацыя ў Балтыйскім рэгіёне паблізу расейскай мяжы становіцца занадта неспакойнай, каб яе ігнараваць», — зазначыў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

«Мы ўспрымаем тое, што адбываецца з GPS, як частку варожых дзеяньняў Расеі, і мы дакладна абмяркуем гэта з нашымі саюзьнікамі», — сказала кіраўніца эстонскага МЗС Маргус Цахкна. Яна назвала дзеяньні расейцаў «гібрыднымі атакамі».

У публікацыі Financial Times са спасылкай на крыніцу гаворыцца, што Расея глушыць сыгналы GPS, каб перадухіліць напады бесьпілётнікаў на Калінінград.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самалёт Ryanair ня меў GPS 2 гадзіны па прылёце і вылеце зь Вільні». На Балтыцы зноў зафіксавалі праблемы з навігацыяй

У сакавіку 2024 года самалёт брытанскіх ВПС, у якім знаходзіўся міністар абароны Вялікай Брытаніі Грант Шэпс і група журналістаў, страціў сыгнал, калі вяртаўся з Польшчы і пралятаў недалёка ад Калінінграду.

У красавіку 2024 году папулярная брытанская газэта The Sun пісала, што тысячы брытанскіх авіярэйсаў зьведалі заглушэньне сыстэмаў GPS і праз гэта мелі праблемы ў палёце. Мяркуецца, што гэтага зрабіла Расея.

Аб перашкодах у паветранай прасторы краін Балтыйскага рэгіёну на больш як 2300 сваіх рэйсаў паведаміла авіякампанія Ryanair, Wizz Air — на амаль 1400, British Airways — на 82, а EasyJet — на 4.

А на мінулым тыдні, 25 і 26 красавіка, два самалёты авіякампаніі Finnair, якія накіроўваліся з Хэльсынкі ў эстонскі Тарту, былі вымушаныя вярнуцца ў аэрапорт вылету з прычыны перашкодаў у працы GPS у тым самым рэгіёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы паведамілі аб збоях GPS на большай частцы тэрыторыі краіны, у тым ліку ў Сувальскім калідоры. А што ў Беларусі?