Украіна зьвярнулася ў Раду Эўропы з заяўкай аб частковым прыпыненьні дзеяньня некаторых палажэньняў Эўрапейскай канвэнцыі аб правах і свабодах чалавека ў сувязі з ваенным становішчам, уведзеным у краіне пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе.
Як адзначаецца ў апублікаваным 28 красавіка дакумэнце, на час вайны Ўкраіна ня будзе выконваць палажэньні канвэнцыі, якія прадугледжваюць недатыкальнасьць жытла, таямніцу ліставаньня, тэлефонных размоў і іншай карэспандэнцыі, неўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё, свабоду перамяшчэньня і свабодны выбар месца пражываньня, права на свабоду думкі і слова, на вольнае выказваньне думак і перакананьняў, правы на збор, захаваньне і распаўсюд інфармацыі, а таксама на правядзеньне мітынгаў і страйкаў, а таксама права на ўласнасьць і распараджэньне сваёй маёмасьцю.
Апроч таго, адзначаецца, што ў часе ваеннага становішча ва Ўкраіне могуць увесьці прымусовае адчужэньне прыватнай ці камунальнай маёмасьці для патрэбаў дзяржавы, асаблівы рэжым уезду і выезду, абмежаваньне перамяшчэньня грамадзян і іншаземцаў, а таксама руху транспарту, надгляд рэчаў, транспарту, багажу, грузаў, службовых памяшканьняў і жытла грамадзян, забарону грамадзянам мабілізацыйнага ўзросту зьмяняць месца жыхарства без дазволу і ваенны збор для фізычных і юрыдычных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны падпісаў закон аб мабілізацыі, які ўводзіць замест тэрміновай службы базавую вайсковую службуСёлета ў красавіку ва Ўкраіне ўхвалілі закон аб мабілізацыі, які набудзе юрыдычную моц з 16 траўня 2024 году.
Закон уводзіць замест тэрміновай службы базавую вайсковую службу тэрмінам на пяць месяцаў у мірны час і на тры месяцы ў ваенны час. Таксама дакумэнт прадугледжвае ўвядзеньне базавай агульнавайсковай падрыхтоўкі — з 2025 году яна будзе часткай навучаньня ў ВНУ.
Грамадзяне будуць абавязаныя стварыць электронныя кабінэты прызыўніка, камісарыяты змогуць слаць празь іх электронныя позвы. Украінцы, якія пастаянна жывуць за мяжой, павінны стаць на вайсковы ўлік ва Ўкраіне на працягу 60 дзён.
На вайсковую службу могуць прызываць асуджаных на ўмоўны тэрмін, акрамя тых, хто ўчыніў злачынствы супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.
Правы тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі, могуць быць абмежаваныя. У прыватнасьці, іх змогуць пазбаўляць правоў кіроўцы. Павялічацца штрафы за ўхіленьне ад войска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўкраіны абмежавалі доступ да консульскіх паслуг для мужчын прызыўнога ўзросту за мяжой