У «Валадарцы» не засталося вязьняў, СІЗА-1 перавялі ў Менскі раён

Былое СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску, архіўнае фота

Самы стары сьледчы ізалятар Беларусі, які знаходзіўся ў цэнтры Менску, расфармавалі.

Зьявілася інфармацыя аб тым, як будзе працаваць СІЗА ў Калядзічах, куды цяпер будуць зьмяшчаць арыштаваных, піша dissidentBY.

Адрас новага СІЗА:

Навадворскі с/с, 143/4, раён д. Пашковічы, Менскі раён, Менская вобласьць.

Прымаць перадачы абяцаюць з аўторка па суботу.

Раней стала вядома, што вязьняў з «Валадаркі» перавозяць у Магілёў і Жодзіна, а таксама ў новае СІЗА ў Менскім раёне.

Паводле інфармацыі dissident.by, сама меней 42 палітвязьні знаходзіліся на «Валадарцы».

Размовы пра будаўніцтва новага будынку СІЗА пад Менскам і перадачы Пішчалаўскага замка ў распараджэньне Менгарвыканкаму, як паведамлялі СМІ, вяліся яшчэ з канца 1990-х гадоў. Замак меўся быць адрэстаўраваны, а ўсё астатняе плянавалася зьнесьці.

Новае СІЗА мела паўстаць у прамысловай зоне «Калядзічы», але ўвядзеньне ў эксплюатацыю доўгі час пераносілі.

Прадстаўнікі ByPol паведамлялі, што на будоўлю СІЗА-1 і рэспубліканскай агульнасаматычнай лякарні ў 2023 годзе выдаткавана больш як 52 млн рублёў (18,7 млн даляраў паводле плянаванага сярэдняга курсу на 2023 год).