Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што мэсэнджар Telegram заблякаваў шэраг афіцыйных ботаў, у тым ліку чат-бот украінскай выведкі. Заблякаванымі аказаліся таксама боты ГУР, СБУ і «єВорог».
«Сёньня кіраўніцтва плятформы Telegram беспадстаўна заблякавала шэраг афіцыйных ботаў, якія супрацьстаялі ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, у тым ліку „Головний бот розвідки“. Гэта адбылося насуперак правілам і публічным заявам, якія публічна заяўляла кіраўніцтва Telegram. Нягледзячы на блякаваньне нашага боту, вашы асабістыя зьвесткі ў бясьпецы», — паведамілі ў ГУР у ноч на 29 красавіка.
Легіён «Свобода России», які ваюе на баку Ўкраіны супраць расейскіх войскаў, таксама заявіў пра блякаваньне свайго боту.
У выведцы адзначылі, што войскі Расеі ствараюць чат-боты з падобнымі назвамі, і заклікалі не перасылаць ім асабістыя зьвесткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу пагражае 5 гадоў турмы за жаданьне далучыцца да ўкраінскай армііРаней заснавальнік Telegram Павел Дураў паведаміў, што мэсэнджар будзе блякаваць уліковыя рахункі і ботаў, якія «зьбіраюць каардынаты для кропкавых удараў або публікуюць прамую асабістую інфармацыю з заклікамі да гвалту».
«Головний бот розвідки» ўкраінцы стварылі дзеля сувязі з насельніцтвам, што апынулася на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях. Зь яго дапамогай украінцы могуць паведамляць пра разьмяшчэньне і колькасьці войскаў акупантаў у канкрэтных пунктах.
З дапамогай чат-боту «STOP Russian War» ад СБУ можна паведамляць аб перамяшчэньні расейскіх дывэрсійна-выведных групаў, войскаў і тэхнікі Расеі.
Падобныя функцыі выконвае і бот «еВорог», праз які можна адпраўляць дакладную геалякацыю разьмяшчэньня расейскіх войскаў, а таксама перадаваць фота і відэа тэхнікі.
Празь некалькі гадзін блякаваньня ботаў яны зноў пачалі працаваць. Пра гэта паведаміў Цэнтар стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бясьпекі SPRAVDI.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стваральнік Telegram Павал Дураў назваў чуткі аб падкантрольнасьці мэсэнджара расейскім уладам «выгаднымі канкурэнтам»