Хроніка перасьледу 29 красавіка: затрыманьні ў Лідзе, Менску і Баранавічах. Сярод затрыманых былы палітвязень

БНТУ

Прапагандысты анансавалі новае відэа пра «вэрбаваньне» беларусаў украінскімі спэцслужбамі.

Затрыманьні студэнтаў БНТУ

На дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў анонс новага «расьсьледаваньня» журналістаў каналу пра спробы ўкраінскіх спэцслужбаў завэрбаваць беларускіх падлеткаў для зьдзяйсьненьня выбухаў на тэрыторыі Беларусі.

У відэапрадмове ёсьць кадры з сама меней чатырох допытаў юнакоў. Анансаванае прапагандыстамі відэа называецца «Дети на прицеле».

У сваім матэрыяле прапагандысты гавораць пра ўдзел у плянаваньні апэрацый украінскімі арганізацыямі «Червона жаба» і «Чорні солов’ї».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як лукашэнкаўцы «раскрылі» тэракт у Маскве. Тлумачым з Гурневічам

Аблава ў Лідзе

Як мінімум 5 затрыманьняў адбыліся ў пятніцу, 26 красавіка, у Лідзе. Пра гэта стала вядома з каналаў, зьвязаных зь сілавікамі.

Усе затрыманыя — мужчыны. Па аднаго зь іх сілавікі ў балаклавах з падразьдзелу спэцназу «Тайфун» нават прыехалі на працу, іншых затрымалі на вуліцы. Затрыманьні адбыліся за так званы «экстрэмізм», але што менавіта стала прычынай аблавы, не гаворыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюцца 

У Баранавічах затрымалі былога палітвязьня

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра масавыя затрыманьні ў Баранавічах — мінімум 5 чалавек абвінавачваюць ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту. Усім затрыманым пагражаюць арт. 342 КК («Удзел у дзеяньнях, што парушаюць грамадзкі парадак або заклікі да такіх дзеяньняў»).

Выданьне «Медиазона» даведалася, што сярод затрыманых былы палітвязень Пятро Зіневіч. Раней яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за допіс пра міліцыянта.

У студзені 2023 году мужчына цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

На відэа, запісаным сілавікамі, затрыманыя людзі гавораць, што нібыта ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту 9 жніўня. Імёны астатніх затрыманых не паведамляюцца. Такія відэазапісы сілавікі звычайна здабываюць фізычным або маральным гвалтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 красавіка: Cыну пісьменьніка Сяргея Антонава прысудзілі 1,5 года калёніі за «абразу» Лукашэнкі

У Беларусі затрымалі мужчыну, які ў TikTok апублікаваў кадры разьбітай дарогі — яго прымусілі прасіць прабачэньня на камэру

У віну беларусу паставілі тое, што яго відэа трапіла ў незалежныя СМІ, паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.

На «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі сказаць, што трэба не выкладаць такія відэа з разьбітымі дарогамі, а зьвяртацца ў дзяржорганы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 красавіка: затрымалі братоў, якія сыгналілі падчас пратэстаў-2020; дырэктара «ФілТБ» двойчы судзілі за «экстрэмізм»

Асудзілі яшчэ двух фігурантаў «карагоднай справы» ў Берасьці

23, 24 і 26 красавіка суд Берасьцейскага раёну разгледзеў крымінальную справу супраць Ксеніі Турубчук і Дзьмітрыя Мірашнічэнкі. Справу разглядала судзьдзя Алена Круковіч, паведамляе «Вясна».

Іх абодвух асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатняй хіміі»).

Вядома, што іх судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту, якая праходзіла 13 верасьня 2020 года ў Берасьці.

Такім чынам, на сёньня вядома ўжо пра 137 чалавек, каго асудзілі па «карагоднай справе» паводле крымінальнага артыкула, калі 13 верасьня 2020 года людзі ў Берасьці прайшліся маршам па горадзе, спыніліся на праезнай частцы на скрыжаваньні бульвараў і праспекту Машэрава, стаялі там і сьпявалі песьні, частка вадзіла карагод. Сілавікі разагналі акцыю, упершыню ў гісторыі Берасьця ўжыўшы для гэтых мэтаў вадамёт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 красавіка: украінца затрымалі за камэнтары ў адрас расейскіх вайскоўцаў