Пра зьмяненьні, якія ўвядзе новы закон, агенцыі «Менск-Навіны» расказаў старшыня камітэту працы, сацыяльнай занятасьці і сацыяльнай абароны Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Пятро Шуцько.
На думку чыноўніка, дом-інтэрнат цяпер і 25 гадоў таму — гэта дзьве абсалютна розныя ўстановы. Бо акрамя кругласутачнага догляду, харчаваньня, мэдычнага абслугоўваньня, у стацыянарных установах прадугледжаны розныя віды рэабілітацыі — мэдычная, сацыяльная, працоўная. У іх структуры працуюць аддзяленьні дзённага знаходжаньня, сацыяльнай рэабілітацыі (абілітацыі), суправаджальнага пражываньня.
«Разам з тым да самога словазлучэньня „дом-інтэрнат“ у грамадзтве захавалася нэгатыўнае стаўленьне. Каб зьмяніць сытуацыю, мы адыходзім ад старых назваў і пераназываем дамы-інтэрнаты ў сацыяльныя пансыянаты», — дадаў Шуцько.
Зьмяненьні закрануць усе стацыянарныя ўстановы гораду — дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, для дзяцей-інвалідаў, а таксама псыханэўралягічнага профілю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўводзяць зьмены ў сацыяльным абслугоўваньні, пэнсіях і дапамогах. Законапраект раней крытыкавалі дэпутатыЗьмяненьні ў выплаце пэнсіяў
З 1 ліпеня грамадзяне ва ўзросьце да 70 гадоў і інваліды ІІІ групы будуць атрымліваць пэнсію толькі праз банкі. Гэтая мера таксама закране сем'і, якія выхоўваюць дзяцей і атрымліваюць дапамогу па доглядзе, — зьвярнуў увагу старшыня камітэту працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму.
Людзі старэйшыя за 70 гадоў і інваліды I, II групы пры жаданьні па-ранейшаму змогуць атрымліваць пэнсію праз пошту, у тым ліку з дастаўкай дадому. Гэтае ж права захаваецца ў атрымальнікаў дзіцячых дапамог, якія самі зьяўляюцца інвалідамі, а таксама ў сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў.
Дастаўляць пэнсіі і дапамогі на дом па ўсёй краіне будзе толькі нацыянальны апэратар паштовай сувязі — «Белпошта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекараў скарачаюць, сілавікоў набіраюць. Расказваем, як улады «аптымізуюць» свае выдаткі